Пошук

Падчас прэзентацыі дактрынальнай ноты “Mater Populi fidelis” Падчас прэзентацыі дактрынальнай ноты “Mater Populi fidelis” 

Прэфект Фернандэс раскрыў сэнс дакумента пра Марыю

Кардынал Фернандэс назваў новы дакумент пра Багародзіцу “гімнам народнай пабожнасці”. Ён падкрэсліў, што ён мае асаблівую вагу і з’яўляецца часткай навучання Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас прэзентацыі дактрынальнай ноты “Mater Populi fidelis” (“Маці вернага люду”) у Рыме кардынал Віктар Мануэль Фернандэс патлумачыў яе асаблівае значэнне.

Слова “дактрынальная” ў назве паказвае, што нота мае вышэйшую вагу за іншыя дакументы, апублікаваныя за апошнія гады. Паколькі яна падпісана Папам Львом XIV, яе змест з’яўляецца часткай звычайнага навучання Касцёла і павінен брацца пад увагу ўсімі даследчыкамі марыялогіі.

Нота сканцэнтравана не столькі на тытулах, колькі на адносінах Марыі з намі, на Яе мацярынстве

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння падкрэсліў, што галоўная тэма ноты – гэта мацярынства Марыі ў адносінах да вернікаў. Яно разглядаецца ў двух вымярэннях: “мацярынская блізкасць, якая праяўляецца вельмі разнастайным чынам” і “мацярынскае заступніцтва, якое заўсёды нас суправаджае”. Кардынал Фернандэс зазначыў, што “няма патрэбы вынаходзіць іншыя канцэпцыі, каб падкрэсліць канкрэтнае значэнне Марыі ў нашым жыцці”.

Аргенцінскі іерарх таксама раскрыў, што глыбокі аналіз гэтых пытанняў праводзіўся яшчэ ў часы, калі дыкастэрыю ўзначальваў кардынал Ёзэф Ратцынгер (1982-2005 гады). Аднак вынікі таго даследавання не былі апублікаваныя, хаця, як сказаў кардынал Фернандэс, “яго асноўныя палажэнні былі пацверджаны прэфектам Ратцынгерам у пазнейшай кнізе”.

Мы хочам вучыцца ў простых вернікаў іх свежаму даверу і жывой любові да Панны і Маці

Новы дакумент быў названы “гімнам народнай марыйнай пабожнасці, якая заўсёды чэрпае ад Багародзіцы прыняцце, заахвочванне, пяшчоту і надзею”.

Прэфект назваў гэтую пабожнасць сапраўдным скарбам. “Мы не хочам асуджаць простых хрысціян як вернікаў другой катэгорыі за тое, што яны не скончылі тэалагічных курсаў або не ўдзельнічаюць у структурах Касцёла. Замест гэтага мы хочам вучыцца ў іх свежаму даверу, здольнасці давяраць без ваганняў, жывой пяшчоце іх спантаннай любові да Панны і Маці”, - падсумаваў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс.
 

05 лістапада 2025, 09:18