Пошук

Арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы і Жыль Пеку падчас падпісання пагаднення Арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы і Жыль Пеку падчас падпісання пагаднення 

Гістарычная дамова паміж бібліятэкамі Ватыкана і Францыі

Ватыканская Апостальская бібліятэка і Нацыянальная бібліятэка Францыі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое стала прыкладам культурнай дыпламатыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У панядзелак, 17 лістапада 2025 года, у Рыме на Віле Банапарта, рэзідэнцыі пасольства Францыі пры Апостальскай Сталіцы, быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж дзвюма вядучымі сусветнымі бібліятэкамі. Подпісы пад дакументам паставілі арцыбіскуп Джавані Чэзарэ Пагацы, Архіварыус і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, і Жыль Пеку, прэзідэнт Нацыянальнай бібліятэкі Францыі (BnF).

Пагадненне накіравана на заахвочванне прафесійнага абмену, лічбавага супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных культурных і навуковых ініцыятыў.

У сумеснай заяве абодва бакі падкрэслілі ўзаемадапаўняльнасць сваіх калекцый, асабліва ў галіне сярэднявечных рукапісаў. Гэты крок з’яўляецца не проста фармальным актам, а яскравай ілюстрацыяй культурнай дыпламатыі, “таму што культура – гэта дысцыпліна міру, якая можа адчыніць неймаверныя дзверы”.

Падчас цырымоніі падпісання пагаднення паміж Ватыканскай бібліятэкай і Бібліятэкай Францыі
Падчас цырымоніі падпісання пагаднення паміж Ватыканскай бібліятэкай і Бібліятэкай Францыі

Дамова стала вынікам некалькіх папярэдніх сустрэч. У лістападзе 2024 года дэлегацыя BnF прыняла ўдзел у міжнародным калёквіуме, арганізаваным Ватыканскай бібліятэкай. Тады ж кіраўнікоў буйнейшых нацыянальных бібліятэк прыняў на аўдыенцыі Папа Леў XIV, заахвоціўшы такія асяродкі ведаў заставацца “аазісамі міру, сустрэчы і свабоднай дыскусіі”. Дыялог працягнуўся ў маі 2025 года падчас візіту прэфекта Ватыканскай бібліятэкі ў Парыж.

Хоць Ватыканская бібліятэка ўжо мае пагадненні з рознымі ўстановамі, напрыклад, мемарандум з Каралеўствам Бахрэйн, дамова з французскім бокам вылучаецца сваёй накіраванасцю на доўгатэрміновае супрацоўніцтва і стварэнне новых форм узаемадзеяння.

Гісторыя абедзвюх структур сягае часоў Рэнесансу. Сучасная гісторыя Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі пачалася з Папы Мікалая V у сярэдзіне XV стагоддзя, а яе французская калега з’яўляецца спадчынніцай каралеўскіх калекцый, што збіраліся з часоў Сярэднявечча.

Цяперашняе пагадненне аб’ядноўвае гэтыя дзве скарбніцы еўрапейскай спадчыны для сумеснай працы ў будучыні.
 

19 лістапада 2025, 09:24