Пошук

Аэраграма Ваытканскай пошты да 100-годдзя кананізацыі святой Тэрэзы з Лізьё Аэраграма Ваытканскай пошты да 100-годдзя кананізацыі святой Тэрэзы з Лізьё 

Новыя ватыканскія маркі: святыя, мастацтва і дыпламатыі

Ватыканская пошта выпускае новыя маркі і паштоўкі, прысвечаныя Божаму Нараджэнню, святым, юбілеям Мікеланджэла, дыпламатычным адносінам і апошнім падарожжам Папы Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Філатэлістычная служба Ватыкана 7 лістапада 2025 года выпускае ў абарачэнне шэраг новых паштовых марак, буклетаў, аэраграм і паштовак, якія адлюстроўваюць багацце духоўнай, культурнай і дыпламатычнай гісторыі Касцёла.

Новыя выпускі прысвечаны Божаму Нараджэнню 2025 года, знакавым постацям святых, выбітным юбілеям і апошнім апостальскім падарожжам Папы Францішка.

Традыцыйная калядная серыя, што супадае з завяршэннем Юбілейнага года, прадстаўлена дзвюма маркамі і буклетам з выявай габелена XVI стагоддзя “Пакланенне пастухоў” фламандскага майстра Пітэра ван Альста. Гэты твор, вытканы паводле эскізаў школы Рафаэля, захоўваецца ў Ватыканскіх музеях і быў выстаўлены ў Базіліцы Святога Пятра падчас урачыстай Імшы на Божае Нараджэнне на пачатку Юбілею.

Ушанаванне святых: ад Англіі XIX стагоддзя да карэннай Амерыкі і “малой дарогі” ў духоўнасці

Адразу некалькі выпускаў прысвечаны выбітным святым. Асобная марка ўшаноўвае святога Джона Генры Ньюмана, абвешчанага Доктарам Касцёла, выдатнага тэолага і мысліцеля, які стаў “мостам” паміж традыцыяй і сучаснасцю.

Серыя “Сведкі надзеі” працягваецца маркай, прысвечанай святой Катэры Тэкаквіце, першай карэннай амерыканцы, кананізаванай у 2012 годзе. Акрамя таго, спецыяльная аэраграма выпушчана да 100-годдзя кананізацыі святой Тэрэзы з Лізьё, адной з самых любімых святых сучаснасці, якую Пій XI назваў “зоркай свайго пантыфікату”.

Мастацтва і дыпламатыя: ад генія Мікеланджэла да 75-годдзя адносін з Інданезіяй

Ватыканская філатэлія таксама адзначае 550-годдзе з дня нараджэння Мікеланджэла Буанароці. Гэтай падзеі прысвечана серыя з чатырох паштовак, на якіх адлюстраваны фрагменты яго неўміручых шэдэўраў з Ватыкана: роспісы скляпення Сікстынскай капэлы, “Страшны суд” і фрэскі з капэлы Паоліна.

Паштоўкі Ватыканскай пошты, на якіх адлюстраваны фрагменты неўміручых шэдэўраў Мікеланджэла
Паштоўкі Ватыканскай пошты, на якіх адлюстраваны фрагменты неўміручых шэдэўраў Мікеланджэла

Яшчэ адна марка прымеркавана да 75-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Інданезія. На ёй сімвалічна спалучаюцца герб Ватыкана, нацыянальны герб Інданезіі і голуб міру, што сімвалізуе сяброўства і надзею.

Завяршае восеньскую серыю філатэлістычны выпуск, прысвечаны апошнім апостальскім падарожжам Папы Францішка ў 2024 годзе. Гэтая серыя, якая стала апошняй у калекцыі, што дакументавала яго пілігрымкі па свеце з 2013 года, ушаноўвае візіты ў Ажаксьё на Корсіцы, Люксембург, Бельгію, а таксама яго вялікае азіяцкае падарожжа ў Інданезію, Папуа-Новую Гвінею, Тымор-Лешці і Сінгапур.

Так Ватыканская пошта аддае даніну павагі “нястомнаму служэнню спачылага Папы Францішка, пантыфікат якога пакінуў глыбокі след чалавечнасці, міласэрнасці і ўніверсальнай адкрытасці”.
 

06 лістапада 2025, 12:45