Выстава “100 батлеек у Ватыкане” вяртаецца на Плошчу Святога Пятра
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ўвечары 8 снежня 2025 года. Яна будзе дзейнічаць да 8 студзеня 2026 года. Цырымонію інаўгурацыі ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Падчас адкрыцця выступіць фальклорная група з Мексікі.
Выстава ясляў Божага Нараджэння пройдзе ў Ватыкане ўжо ў восьмы раз. На ёй будуць прадстаўлены 132 святочныя стаенкі з 23 краін свету, у тым ліку з Італіі, Францыі, Харватыі, Польшчы, Венгрыі, Славакіі, Славеніі, Румыніі, Швейцарыі, ЗША, Перу, Эрытрэі, Карэі, Венесуэлы, Тайваня, Бразіліі, Японіі, Філіпін, Парагваю і Індыі.
“Яслі ўвасабляюць натхненне і фантазію мастакоў, якія іх ствараюць з самых разнастайных матэрыялаў, такіх як японская папера, шоўк, смала, полістырол, воўна, валокны какоса і банана, шкло”, - гаворыцца ў камюніке Дыкастэрыі па евангелізацыі. Сярод незвычайных вырабаў на выставе будуць прадстаўлены яслі, размешчаныя ў драўлянай бочцы і нават у пярэдняй частцы гарадскога аўтобуса.
Уваход на выставу “100 батлеек у Ватыкане” вольны і не патрабуе папярэдняй рэгістрацыі. Яна будзе адкрытая кожны дзень з 10.00 да 19.00, за выключэннем 24 і 31 снежня, калі закрыццё прадугледжана ў 17.00.