Пошук

Першы наведвальнік лічбавага “Annuario Pontificio” Першы наведвальнік лічбавага “Annuario Pontificio” 

Даведнік “Annuario Pontificio” цяпер у лічбавым фармаце

З 8 снежня 2025 года пачала працу афіцыйная лічбавая платформа, якая дазваляе імгненна атрымліваць даныя пра дыкастэрыі Рымскай курыі, дыяцэзіі, рэлігійныя інстытуты і нунцыятуры. Галоўны статыстычны даведнік Каталіцкага Касцёла “Annuario Pontificio” стаў даступны анлайн.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Гэты крок здымае лагістычныя абмежаванні друкаванага выдання і робіць афіцыйныя даныя Святога Пасада даступнымі ў любым месцы і ў любы час – праз браўзер або мабільны дадатак.

Праект, рэалізаваны Дзяржаўным сакратарыятам і Дыкастэрыяй па камунікацыі, быў прадстаўлены Льву XIV, які асабіста наведаў новы партал. “Гэта будзе вельмі карысна для тых, хто працуе на службе Касцёлу”, - адзначыў ён.

Лічбавы праект прадставілі арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут Дзяржаўнага сакратара па агульных пытаннях, і айцец Люсіа Адрыян Руіс, сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі. Святы Айцец наведаў платформу і азнаёміўся з яе працай. Ён падзякаваў прысутным і заклікаў працягваць “у духу служэння, каб тое, што нараджаецца з клопатам і ўвагай, з часам стала яшчэ большай дапамогай”.

Кола карыстальнікаў

Мэтай лічбавай версіі даведніка “Annuario Pontificio” з’яўляецца забеспячэнне простага і надзейнага доступу да афіцыйнай інфармацыі для шырокага кола карыстальнікаў: супрацоўнікаў дыкастэрый Рымскай курыі, апостальскіх нунцыятур, біскупскіх канферэнцый, рэлігійных інстытутаў, Папскіх універсітэтаў, даследчых цэнтраў, акадэмічных устаноў і журналістаў.

Лічбавы “Annuario Pontificio”
Лічбавы “Annuario Pontificio”

Хуткае абнаўленне і шырокі пошук

Новая платформа дазваляе аператыўна абнаўляць інфармацыю пра прызначэнні і змены ў касцёльных структурах. Калі раней даводзілася чакаць новага гадавога выпуску, сёння змены будуць адлюстроўвацца на платформе ў самы кароткі час адразу пасля афіцыйнага паведамлення. Сістэма пашыранага пошуку дае магчымасць знаходзіць даныя па імені, дыяцэзіі, пасадзе, краіне і інстытуцыйнай прыналежнасці.

Перспектывы развіцця

Стварэнне лічбавага “Annuario Pontificio” стала вынікам супрацоўніцтва Дзяржаўнага сакратарыята, які каардынаваў праект і сфармуляваў асноўныя патрабаванні; Дыкастэрыі па камунікацыі, якая займалася тэхнічнай распрацоўкай платформы, баз даных і нармалізацыяй інфармацыі; Цэнтральнай статыстычнай службы Касцёла; і маладых спецыялістаў у галіне дызайну.

Прэзентацыя лічбавага даведніка “Annuario Pontificio”
Прэзентацыя лічбавага даведніка “Annuario Pontificio”

Плануецца, што платформа будзе паступова пашырацца: у яе дададуць гістарычныя даныя з архіваў і папярэдніх выданняў, а таксама новыя выпускі. Карыстальнікаў запрашаюць дасылаць заўвагі і прапановы на адрас: annuariopontificio@sds.va.

Доступ і падпіска

Лічбавы дапаможнік можна знайсці на сайце https://www.annuariopontificio.catholic/ і ў мабільных дадатках для iOS і Android, якія можна будзе загрузіць у Apple Store і Google Play Store. Для карыстання неабходная рэгістрацыя і падпіска: прапануюцца два тарыфныя планы, якія гарантуюць пастаянны доступ і штодзённае абнаўленне даных.

Статыстычны даведнік "Annuario Pontificio”
Статыстычны даведнік "Annuario Pontificio”
09 снежня 2025, 12:41