Пошук

Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Фізікела: Юбілей стаў часам сведчання веры

Юбілей 2025 года набліжаецца да завяршэння. Яго першыя вынікі падвёў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. Ён адзначыў каштоўнасць сведчання веры пілігрымаў і асаблівасць такой падзеі, як Юбілей двух Папаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа Францішак невыпадкова даручыў арганізацыю Юбілею менавіта Дыкастэрыі па евангелізацыі, - заўважыў іерарх у інтэрв’ю Арацыа Коклітэ і Эўджэніа Бонанатэ з “Vatican News”. На яго думку, Святы год меў асаблівае значэнне для евангелізацыі, асабліва ў Рыме, дзе кожны дзень тысячы пілігрымаў з розных краін свету сведчылі пра сваю веру, калі з малітвай ішлі да Базілікі Святога Пятра.

Сведчанне, якое натхняе

“Ад П’яцца Піа да Святой Брамы існуе маршрут, прызначаны для пілігрымаў, якія, праходзячы яго, моляцца і робяць гэта сярод пастаяннага руху людзей, турыстаў, жыхароў Рыма. Той, хто праходзіць і бачыць групу людзей, што моляцца з юбілейным крыжам, спяваюць і вызнаюць сваю веру, задумаецца: што яны робяць? Моляцца пасярод вуліцы? Гэтыя пытанні скіраваныя да кожнага: хто яны, адкуль яны, чаго хочуць, якое пасланне жадаюць перадаць. І гэта прымушае задумацца; мне здаецца, што гэта адно з асноўных вымярэнняў Юбілею. Цудоўнае сведчанне, якое натхняе”, - адзначыў арцыбіскуп Рына Фізікела.

Юбілей двух Папаў

Першыя месяцы Святога года былі пазначаны хваробай, шпіталізацыяй і смерцю Францішка. У яго пахаванні прынялі ўдзел больш за 200 тысяч юнакоў і дзяўчат, якія ў тыя дні сабраліся ў Рыме з нагоды Юбілею падлеткаў, - нагадаў іерарх, выказваючы меркаванне, што гэта падзея застанецца ў гісторыі Святога 2025 года.

Затым прайшоў канклаў і абранне новага Папы. “Трэба сказаць, што Папа Леў ад самага пачатку выказаў поўную гатоўнасць узяць на сябе ўсе абавязкі Юбілею”, - сказаў арцыбіскуп. “Праз пару дзён пасля выбараў ён прыняў мяне, я прадставіў яму ўсю праграму. Ён сказаў, што прымае ўсё тое, што было запланавана ў межах Юбілею. Не праходзіць ніводнага дня, каб Папа не быў задзейнічаны ў нейкай падзеі і каб не падкрэсліваў ласку гэтага часу”, - дадаў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

32 мільёны пілігрымаў

Арцыбіскуп Фізікела заўважыў, што Юбілей 2025 года прысвечаны тэме надзеі і ён дазволіў паглыбіць разуменне гэтай цноты, на падабенства таго, як пазачарговы Юбілей 2015 года дапамог лепш усвядоміць значэнне міласэрнасці.

Іерарх таксама адзначыў, што ў юбілейных падзеях у Рыме прынялі ўдзел каля 32 мільёнаў чалавек. “Гэта значная, рэальная лічба, але яна таксама сведчыць пра вялікую ўвагу, якую народ Божы праявіў да Юбілею”, - сказаў прапрэфект, выказваючы спадзяванне на тое, што закрыццё падзеі, запланаванае на 6 студзеня 2026 года, будзе перажыта з такой жа інтэнсіўнасцю, як і кожны дзень Святога года.
 

15 снежня 2025, 09:40