Пошук

Кардынал дэ Мендонса на канферэнцыі “Культура – гэта супольнасць” Кардынал дэ Мендонса на канферэнцыі “Культура – гэта супольнасць” 

Кардынал Мендонса: культура – гэта супольнасць і слуханне

Кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, выступіў у Рыме з лекцыяй, прысвечанай культуры як масту паміж людзьмі ў форме слухання, уяўлення, клопату і згуртаванасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 3 снежня 2025 года з lectio magistralis на сустрэчы “Культура – гэта супольнасць”, арганізаванай італьянскай Федэрацыяй устаноў сферы культуры (Federculture), кардынал дэ Мендонса адзначыў, што сёння мы жывем у моцна палярызаваным свеце, і задача культуры – стварыць адзінства, якое не знішчае разнастайнасць, а паважае яго.

Слуханне і ўяўленне

Іерарх звярнуў увагу на чатыры ключавыя паняцці сучаснай культуры: слуханне, уяўленне, клопат і згуртаванасць. Слуханне мае вырашальнае значэнне, бо старыя схемы, катэгорыі мінулага не працуюць у свеце, які хутка мяняецца. Але толькі слухаць недастаткова: патрэбна ўяўленне, гатоўнасць шукаць новыя шляхі і даследаваць новыя магчымасці.

Кардынал дэ Мендонса на сустрэчы “Культура – гэта супольнасць”
Кардынал дэ Мендонса на сустрэчы “Культура – гэта супольнасць”

Культура як клопат і згуртаванасць

Кардынал дэ Мендонса назваў культуру лекамі, якія вяртаюць годнасць, бо яна адкрывае дзверы і заахвочвае інклюзію. Ён спаслаўся на першую, на думку антраполагаў, прымету культуры і цывілізацыі – зламаную костку сцягна старажытнага чалавека, якая пасля пералому зажыла: клопат сведчыць пра пераход ад "я" да "мы". Сёння згуртаванасць непарыўна звязана з культурай, бо ніхто не здольны ў адзіночку справіцца самастойна з выклікамі адукацыі ў свеце, які няспынна развіваецца, - нагадаў іерарх.

Новыя тэхналогіі, ШІ і постпраўда

Гаворачы пра новыя тэхналогіі, кардынал дэ Мендонса заклікаў пазбягаць тэхнафобіі і бачыць у інавацыях, такіх як штучны інтэлект, рэсурс, якога не трэба баяцца. Новыя тэхналогіі павінны стаць прасторай для культурнай творчасці і камунікацыі, здольнай аб’ядноўваць. Што да так званай "постпраўды", то яна патрабуе ад нас развіцця крытычнага мыслення, каб у пошуку праўды мы маглі адкрываць прыгажосць і дабро.
 

04 снежня 2025, 12:28