Ватыкан: адкрыццё ясляў і ёлкі на Плошчы Святога Пятра
Марыя Валодзіна - Vatican News
Удзельнікам цырымоніі былі ўрачыста прадстаўлены яслі, якія сёлета вырабілі ў дыяцэзіі Начэра-Інферыёрэ-Сарна. Сваімі архітэктурнымі элементамі і культурнымі матывамі яны нагадваюць поўдзень Італіі. Фонам для фігур Святой Сям’і стаў баптыстэрый базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Начэры-Суперыёрэ, фантан “Гельвіюс” у мястэчку Сант-Эджыдыё-дэль-Монтэ-Альбіна, а таксама ўнутраныя дворыкі, тыповыя для мясцовасці, дзе жыў святы Альфонса Марыя дэ Лігуоры. Яслі займаюць прастору памерам 17 на 12 метраў, вышынёй да 7,7 метра, фігуры выкананы ў натуральны рост.
Разам з стаенкай урачыста адкрылі і калядную ёлку — 25-метровую прыгажуню вагой каля 80 цэнтнераў, аздобленую сотнямі зіхатлівых агеньчыкаў. Сёлета яна была дастаўлена з даліны Валь-д’Ульціма ў правінцыі Бальцана. Пасля свята драўніна пойдзе на экалагічныя і дабрачынныя мэты.
Урачыстасць узначаліла сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што мір – гэта дар ад Бога, які патрабуе ўвасаблення ў штодзённым ладзе жыцця.
Дадатковую духоўную глыбіню падзеі дадаў той факт, што яна адбылася напрыканцы Юбілейнага года і напачатку падрыхтоўкі да 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага, які ўпершыню ў гісторыі стварыў бэтлеемскія яслі.
Сястра Петрыні падзякавала ахвярадаўцам, назваўшы іх жэст падарункам для Касцёла і прыкладам супрацоўніцтва паміж народамі і культурамі дзеля сапраўднага міру. Яна таксама абвясціла, што ў наступным годзе яслі для Плошчы Святога Пятра будуць створаны Італьянскай асацыяцыяй сяброў батлейкі з Атэсы, у правінцыі Кьеці, ёлку падарыць муніцыпалітэт Тэранова-дзі-Паліна, у правінцыі Патэнцы, у той час як яслі для Залы Паўла VI падрыхтуе фонд карнавала у Віярэджа.
Яслі і ёлка будуць радаваць наведвальнікаў галоўнай ватыканскай плошчы да 11 студзеня 2026 года, калі будзе адзначацца свята Хросту Пана, якім завяршыцца святочны перыяд Божага Нараджэння.