Святы ў Ватыкане: яслі – з поўдня, ёлка – з поўначы Італіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Праца над устанаўленнем галоўных сімвалаў Божага Нараджэння ў Ватыкане працягваецца ўжо некалькі тыдняў. Іх урачыстая інаўгурацыя стане важным знакам набліжэння святаў.
Яслі з поўдня Італіі
Бэтлеемскія яслі, якія ўпрыгожаць галоўную ватыканскую плошчу, сёлета былі дастаўлены з італьянскай дыяцэзіі Ночэра Інферыёрэ-Сарна. Сцэна Божага Нараджэння размесціцца на пляцоўцы памерам 17 на 12 метраў. Фігуры Дзіцятка Езуса, Марыі і Юзафа будуць акружаць дэкарацыі ў выглядзе рэгіянальных помнікаў архітэктуры: Баптыстэрыя базылікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Ночэры Суперыёры, фантана “Helvius” у Сант-Эджыдыё-дэль-Монтэ-Альбіна, тыповых дворыкаў Агра Начэрына-Сарнэзэ, дома святога Альфонса Марыі дэ Лігуоры і іншых. Кампазіцыя была распрацавана архітэктарам і сцэнографам Сільвіа Дзі Монака. У працы над стварэннем стаенкі былі задзейнічаны мясцовыя мастакі і рамеснікі.
Заклік да абароны жыцця з Коста-Рыкі
Яшчэ адны вялікія яслі Божага Нараджэння па традыцыі будуць устаноўлены ў ватыканскай Зале Паўла VI. Іх даставяць з Коста-Рыкі. Батлейка будзе ўтрымліваць заклік абараняць кожнае чалавечае жыццё ад самага яго зачацця: яе ўпрыгожаць 28 тысяч каляровых стужак, кожная з якіх сімвалізуе жыццё, уратаванае ад аборту дзякуючы малітвам і працы мясцовых каталіцкіх арганізацый, якія дапамагаюць маці ў складаных жыццёвых сітуацыях.
На працягу Адвэнта ў цэнтры кампазіцыі будзе знаходзіцца фігурка цяжарнай Панны Марыі. У ноч Божага Нараджэння яна будзе заменена на фігурку Багародзіцы, што схілілася ў адарацыі над сваім нованароджаным Сынам. У яслі Езуса будуць пакладзены 400 стужачак з малітвамі і пажаданнямі, напісанымі маленькімі пацыентамі педыятрычнага шпіталя святога Юзафа ў Коста-Рыцы.
Святочная ёлка з Паўднёвага Ціроля
27-метровая калядная ёлка прыбыла на ватыканскую плошчу з Паўднёвага Ціроля як дар муніцыпалітэтаў Лагунда і Ульціма. Адтуль жа даставяць яшчэ 40 іншых ёлачак для аздаблення памяшканняў устаноў Святога Пасада. Пасля перыяду Божага Нараджэння з зялёных галінак ёлак вырабяць эфірныя алеі – гэтым будзе займацца аўстрыйская кампанія “Wilder Naturprodukte”. Астатняя драўніна будзе перададзена на перапрацоўку дабрачыннай арганізацыі, якая займаецца экалагічнымі праектамі.
Раніцай 15 снежня, напярэдадні цырымоніі інаўгурацыі, Папа Леў XIV прыме на прыватнай аўдыенцыі афіцыйныя дэлегацыі рэгіёнаў, якія ахвяравалі сімвалы Божага Нараджэння для Ватыкана.