Пошук

Айцец Гіяцынт Дэстывель у студыі Ватыканскага радыё Айцец Гіяцынт Дэстывель у студыі Ватыканскага радыё 

Ватыканскі эксперт: прагрэс у дасягненні еднасці з праваслаўнымі

Добрыя адносіны з праваслаўнымі – плён прарочых жэстаў і трывалага дыялогу. Прадстаўнік Святога Пасада тлумачыць, чаму адзінства магчымае толькі ў праўдзе і адной веры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Айцец Гіяцынт Дэстывель, дамініканін з усходняй секцыі Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, перакананы: сучасны высокі ўзровень адносін з Праваслаўнай Царквой з’яўляецца вынікам вялікай паслядоўнасці ў тэалагічным дыялогу.

У размове з “Vatican News” ён падкрэсліў, што сапраўдная еднасць не можа быць пабудавана на кампрамісах, яна дасягаецца выключна на фундаментах праўды і супольнай веры, якую вызнаюць абодва бакі.

Спадчына мінулага і кроў мучанікаў

Святар нагадаў, што новы раздзел у гісторыі адкрылі прарочыя жэсты папярэдніх Пантыфікаў. Перш за ўсё, гэта гістарычная сустрэча ў Іерусаліме ў 1964 годзе паміж Папам Паўлам VI і Патрыярхам Канстантынопальскім Афінагорам, а таксама ўзаемнае зняцце анафем годам пазней.

Не менш важным стала ўвядзенне святым Янам Паўлам II паняцця "экуменізм крыві" – глыбокага ўсведамлення таго, што нашаму імкненню да адзінства папярэднічае гераічнае сведчанне мучанікаў розных канфесій, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста.

Французскі дамініканін растлумачыў, што паўнавартаснае адзінства хрысціян павінна ахопліваць тры вымярэнні: веру, сакрамэнты і паслугі. У каталіцка-праваслаўных адносінах прагрэс ужо відавочны. Бакі падзяляюць агульную веру, належным чынам акрэсленую ў Нікейска-Канстантынопальскім сімвале, і дасягнулі паразумення ў пытаннях сакрамэнтаў дзякуючы дакументам Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу, апублікаваным у 80-я гады ХХ стагоддзя. Цяпер галоўная ўвага засяроджана на структуры Касцёла, гэта значыць на паслугах.

Самыя складаныя пытанні і сімволіка візіту

Менавіта пытанне паслуг, а дакладней прымату і непамыльнасці Папы, застаецца найбольшай перашкодай на шляху да поўнай еднасці. Аднак праца працягваецца: у 2023 годзе быў апублікаваны важны дакумент пра сінадальнасць і прымат у другім тысячагоддзі. Цяпер рыхтуюцца тэксты, якія закранаюць папскую непамыльнасць і праблему "Filioque" – разыходжанне ў вучэнні пра Духа Святога.

Гэты дыялог, хоць і ўзначальваецца Канстантынопальскім Патрыярхатам, тычыцца ўсіх Праваслаўных Цэркваў.

Прадстаўнік Дыкастэрыі звярнуў увагу на выключную важнасць першага апостальскага падарожжа Льва XIV, якое мае выразна экуменічны характар. Яго ўдзел у святкаванні 1700-годдзя Нікейскага Сабора і сустрэча з прадстаўнікамі ўсіх хрысціянскіх традыцый і Патрыярхам Барталамеем І у храме святога Яфрэма ў Стамбуле маюць глыбокі сэнс. Гэта праяўленне новай формы сінадальнасці, якую айцец Дэстывель назваў "экуменічнай".
 

03 снежня 2025, 11:16