Пошук

Вокладка кнігі “Бог – сапраўдная рэчаіснасць” Вокладка кнігі “Бог – сапраўдная рэчаіснасць”  

Генсвайн: жыццё Бэнэдыкта XVI – ключ для разумення яго гамілій

“Калі мы пачнём сур’ёзна думаць пра гэтага настаўніка веры як пра Доктара Касцёла?”, - такая думка прагучала падчас прэзентацыі зборніка неапублікаваных гамілій Бэнэдыкта XVI, якая прайшла 11 снежня 2025 года ў Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У публікацыі пад назвай “Бог – сапраўдная рэчаіснасць”, падрыхтаванай Ватыканскім выдавецтвам, былі сабраны 82 гаміліі, якія Бэнэдыкт XVI прамовіў у вузкім коле падчас цэлебрацый у капліцах Апостальскіх палацаў Ватыкана і Кастэль-Гандольфа, а таксама кляштара “Mater Ecclesiae” у Ватыканскіх садах, дзе ён жыў пасля свайго сыходу са служэння на Пасадзе святога Пятра. Выданне ахоплівае перыяд з 2005 па 2017 год.

Не толькі навуковец, але святар і прапаведнік

Ініцыятарам публікацыі выступіў ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Падчас прэзентацыі ён падзякаваў арцыбіскупу Георгу Генсвайну і кансэкраваным жанчынам з “Memores Domini” за тое, што яны паклапаціліся пра захаванне гэтых каштоўных гамілій.

Па словах езуіта, зборнік дазваляе ўбачыць, наколькі важным было для Бэнэдыкта XVI святарства і абвяшчэнне Божага слова. “Часцей мы думаем пра Ратцынгера як пра тэолага. Чытаючы гэтыя гаміліі, мы бачым у ім святара-прапаведніка, які прагнуў абвяшчаць Божае слова, нават калі ў святой Імшы ўдзельнічала толькі пяць чалавек”, - сказаў ён.

Тэалогія і жыццё верай

У прэзентацыі кнігі браў удзел таксама былы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн, нунцый у Літве, Латвіі і Эстоніі. Ён заўважыў, што для Ёзэфа Ратцынгера тэалогія была непарыўна звязана з жыццём тым, пра што ён пісаў і што прапаведаваў. “Ён не быў тэолагам, які хацеў рабіць вялікія справы. Ён прагнуў толькі дзяліцца тым, што атрымаў ад Бога, каб дапамагчы іншым знайсці шлях да сустрэчы з Хрыстом”, - дадаў шматгадовы памочнік Бэнэдыкта XVI.

Бэнэдыкт XVI – Доктар Касцёла?

Сваімі думкамі пра зборнік гамілій падзяліўся таксама ксёндз Фабіа Разіні, вядомы італьянскі прапаведнік і выкладчык гамілетыкі ў Папскім універсітэце Святога Крыжа. На яго думку, гаміліі Ратцынгера, які без выкарыстання слоганаў натуральным чынам уводзіў у таямніцы веры, з’яўляюцца прыкладам для маладых святароў.

Святар звярнуў увагу на пазачасовасць і практычнасць гэтых гамілій. “У гэтым зборніку я не знаходжу нічога састарэлага. У эпоху, калі час ляціць так хутка, можа здавацца, што мы не знойдзем там нічога актуальнага, але пагружаючыся ў гаміліі Бэнэдыкта XVI, мы бачым, што апынаемся сярод галоўных пытанняў нашай духоўнай барацьбы”, - сказаў ён.

Нагадваючы пра заклікі Ёзэфа Ратцынгера да адкрыцця прыгажосці веры, прапаведнік спытаў: “Калі мы пачнём сур’ёзна думаць пра гэтага настаўніка веры як пра Доктара Касцёла?”.
 

12 снежня 2025, 10:51