Святы Пасад у АБСЕ: дыялог – адзіны спосаб дасягнуць міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Звяртаючыся да міністраў замежных спраў краін АБСЕ, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер адзначыў, што 50-годдзе Хельсінскага заключнага акта дае магчымасць пацвердзіць агульную прыхільнасць прынцыпам міру, бяспекі і справядлівасці, якіх нельга дасягнуць без павагі да правоў і фундаментальных свабод чалавека.
Дыялог і мір у рэгіёне АБСЕ і за яго межамі
Падчас свайго апостальскага падарожжа ў Турцыю і Ліван Леў XIV падкрэсліў, што “сёння, як ніколі, нам патрэбныя людзі, якія спрыяюць дыялогу і практыкуюць яго з рашучай воляй і цярплівай настойлівасцю. Пасля перыяду стварэння вялікіх міжнародных арганізацый, які наступіў пасля трагедый дзвюх сусветных войнаў, мы перажываем этап моцнага глабальнага канфлікту, калі дамінуюць стратэгіі эканамічнай і ваеннай моцы. Мы ні ў якім разе не павінны паддавацца гэтаму!” – працытаваў іерарх.
Ватыканскі дыпламат выказаў глыбокую занепакоенасць вайной ва Украіне, заклікаючы усе бакі да спынення баявых дзеянняў, аднаўлення сапраўднага дыялогу і імкнення да справядлівага і трывалага міру. “Дыялог – гэта не прыкмета слабасці, хутчэй, гэта адзіны спосаб дасягнуць прымірэння і трывалай стабільнасці”, - сказаў ён.
Свабода рэлігіі або перакананняў
Арцыбіскуп Галахер адзначыў рост праяў антысемітызму і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціян, мусульман і прадстаўнікоў іншых рэлігій ва ўсім рэгіёне АБСЕ. Ён ухваліў нядаўна апублікаванае Кіраўніцтва па барацьбе з антыхрысціянскімі злачынствамі на глебе нянавісці і заклікаў АБСЕ змагацца з усімі формамі рэлігійнай нецярпімасці і дыскрымінацыі ў дачыненні да хрысціян, яўрэяў, мусульман і прадстаўнікоў іншых рэлігій. Свабода веравызнання застаецца важнай лакмусавай паперкай павагі да ўсіх іншых правоў чалавека, - сцвердзіў ён.
Міграцыя, гандаль людзьмі і абарона годнасці
Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што праблемы мігрантаў, бежанцаў і перамешчаных асоб патрабуюць салідарнасці і захавання чалавечай годнасці. Кожны мігрант – гэта асоба, а не статыстычны паказчык, і заслугоўвае абароны, гасціннасці і магчымасці інтэграцыі.
Арцыбіскуп Галахер высока ацаніў намаганні АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі, асабліва эксплуатацыяй жанчын і дзяцей, у тым ліку з выкарыстаннем сурагатнага мацярынства. “Гэтая агідная форма сучаснага рабства павінна быць выкаранена шляхам ўзгодненых і скаардынаваных дзеянняў на нацыянальным і міжнародным узроўнях”, - падкрэсліў ён.
Напрыканцы прамовы прадстаўнік Святога Пасада заклікаў АБСЕ актывізаваць сваю місію, умацоўваючы дыялог, пераадольваючы ізаляцыю і імкнучыся да дасягнення кансэнсусу. Важна выкарыстоўваць недвухсэнсоўныя і агульнапрынятыя фармулёўкі, каб дыялог прыносіў плён.
На фоне росту палярызацыі ўсёабдымны падыход АБСЕ да бяспекі, які спалучае павагу да чалавечай годнасці і суверэннай роўнасці дзяржаў-удзельніц, застаецца актуальным. Арцыбіскуп Галахер заклікаў удзельнікаў аднавіць дух Хельсінкай дамовы – дух адкрытасці, дыялогу, узаемаразумення, надзеі і кампрамісу – і дасягнуць кансэнсусу адносна старшынства ў АБСЕ ў 2027 годзе. Ён заклікаў да інклюзіўнага падыходу да ўсіх 57 дзяржаў-удзельніц, пацвердзіў прыхільнасць Святога Пасада АБСЕ і сумеснаму ўмацаванню даверу і адказнасці дзеля больш справядлівага і мірнага свету.