Плот на мяжы Мексікі і ЗША Плот на мяжы Мексікі і ЗША 

Святы Пасад: мігранты – чалавечы твар глабалізацыі і мост паміж народамі

Колькасць мігрантаў у свеце складае 304 мільёны, і кожны з іх – чалавек з уласнай гісторыяй, патрэбамі і Богам дадзенай годнасцю, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

10 снежня 2025 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у 116-й сесіі Рады Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Жэневе. Ён нагадаў, што кожны мігрант – гэта перш за ўсё чалавек, з правамі і годнасцю, якія неабходна абараняць. На жаль, сённяшнія дыскусіі наконт міграцыі часта затуманьваюцца стэрэатыпамі і палярызацыяй, што замінае аб'ектыўнаму і ўсебаковаму разуменню ўсіх аспектаў, прычын і наступстваў міграцыі.

Мігранты спрыяюць мірным адносінам паміж народамі

Дыпламат падкрэсліў, што такія палярызаваныя дыскусіі выпускаць з-пад увагі пазітыўны ўнёсак мігрантаў у грамадства. Людзі, якія інтэгруюцца ў новае грамадства і паважаюць яго законы і нацыянальную ідэнтычнасць, уяўляюць сабой “чалавечы твар глабалізацыі” і могуць спрыяць усталяванню мірных адносін паміж народамі.

Баланс паміж суверэнітэтам і правамі чалавека

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што дзяржавы маюць права абараняць свае межы, але адначасова і абавязак паважаць правы тых, хто прыбывае да іх меж. Ён нагадаў словы Льва XIV аб тым, што жорсткае абыходжанне з людзьмі, якія шукаюць бяспекі, не з'яўляецца законным ажыццяўленнем нацыянальнага суверэнітэту, а хутчэй цяжкімі злачынствамі, якія здзяйсняюцца або дазваляюцца дзяржавай.

Трывожная статыстыка

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць высокай смяротнасцю мігрантаў на небяспечных маршрутах. У 2024 годзе загінула па меншай меры 8938 чалавек – гэта самы трагічны год за ўвесь час назіранняў. Кожная смерць – гэта правал чалавецтва, дзяржаў і міжнароднай супольнасці, - нагадаў ён.

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на рост колькасці ахвяр гандляроў людзьмі і кантрабандыстаў, якія выкарыстоўваюць адчайнае становішча людзей у мэтах нажывы, і заахвоціў Міжнародную арганізацыю па міграцыі працягваць дзейнасць па прадухіленні, выратаванні і аказанні дапамогі пацярпелым.

Роля рэлігійных арганізацый і значэнне салідарнасці

Дыпламат падкрэсліў важную ролю рэлігійных арганізацый, якія працуюць з мігрантамі на працягу многіх дзесяцігоддзяў, часта ў самых аддаленых і ўразлівых рэгіёнах. Каталіцкія структуры па ўсім свеце працягваюць служэнне людзям на міграцыйных маршрутах, кіруючыся прынцыпам “вітаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць” кожнага чалавека незалежна ад яго паходжання.

Годнасць мігрантаў

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што мігрантаў нельга разглядаць ні як праблему, якую неабходна вырашаць, ні як рэсурс, які можна выкарыстоўваць, а як людзей з недатыкальнай годнасцю, дадзенай Богам. Міжнародныя структуры, дзяржавы і грамадства павінны аб’яднаць намаганні дзеля таго, каб кожны чалавек мог жыць у адпаведнасці са сваёй годнасцю.

11 снежня 2025, 10:48