Ватыканскі банк: фінансавая празрыстасць і клопат пра экалогію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Інстытут рэлігійных спраў" (IOR), вядомы пад назвай “Ватыканскі банк”, зрабіў значны крок у павышэнні карпаратыўнай празрыстасці, апублікаваўшы дэбютную "Справаздачу па ўстойлівым развіцці" ("Rapporto di Sostenibilità").
Разам з ёй свет убачыў важную справаздачнасць аб адэкватнасці капіталу і кіраванні рызыкамі. Гэты дакумент быў складзены ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі, вядомымі ў міжнароднай банкаўскай сферы як "Трэці стоўп" ("Pillar III") стандартаў "Базель III" ("Basilea 3").
Публікацыі дэманструюць, што ўстанова працуе паводле самых высокіх сусветных крытэрыяў.
Стратэгія адказнага інвеставання і служэнне Касцёлу
У аснове новай справаздачнасці ляжыць "матрыца двайной істотнасці", натхнёная еўрапейскай дырэктывай "CSRD" (Дырэктыва па карпаратыўнай справаздачнасці ў галіне ўстойлівага развіцця), а даныя прадстаўлены згодна са стандартамі "GRI" (Глабальная ініцыятыва па справаздачнасці).
У 2024 годзе Інстытут атрымаў чысты прыбытак у 31 мільён еўра і згенерыраваў 50 мільёнаў еўра агульнай эканамічнай вартасці. Гэтыя сродкі былі размеркаваны наступным чынам: 27 працэнтаў перададзена Пантыфіку, 30 працэнтаў выплачана супрацоўнікам у выглядзе зарплат і дапамог, 18 працэнтаў аплачана пастаўшчыкам за паслугі, а астатняя частка захавана для гарантавання доўгатэрміновай стабільнасці.
Праз кіраванне актывамі кліентаў "Інстытут рэлігійных спраў" стварыў дадатковую вартасць у памеры 157 мільёнаў еўра, строга прытрымліваючыся прынцыпаў каталіцкай этыкі і выключаючы інвестыцыі ў кампаніі, якія шкодзяць жыццю, навакольнаму асяроддзю або грамадству.
Бяспека, адукацыя і "зялёны" курс
Установа надае вялікую ўвагу адукацыі, правёўшы навучанне для больш чым 200 кліентаў і арганізаваўшы маштабныя курсы для персаналу: 1060 гадзін па этыцы і рэлігіі, а таксама 1570 гадзін па спецыялізаваных тэмах, уключаючы супрацьдзеянне адмыванню грошай і кібербяспеку паводле стандартаў "ISO" (Міжнародная арганізацыя па стандартызацыі).
Сістэма фінансавай бяспекі атрымала станоўчую ацэнку ад камітэта "Moneyval" і цалкам адпавядае падатковаму закону "FATCA" (Закон аб падатковай адпаведнасці замежных рахункаў).
Курс на экалагічную трансфармацыю пацвярджаецца канкрэтнымі лічбамі: дзякуючы лічбавізацыі спажыванне паперы скарочана на 20 працэнтаў, а 98,9 працэнта выкарыстанай энергіі паходзіць з аднаўляльных крыніц, што сведчыць пра рэальны ўнёсак Інстытута ў справу аховы Стварэння.