Першае казанне Адвэнту: Бог “адмяняе” зло, каб збавіць чалавека
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваёй першай адвэнтавай медытацыі 2025 года прапаведнік Папскага дому засяродзіўся на парадоксе “дзён Ноя”: трагедыя тых часоў была не ў надзвычайным зле, а ў фатальнай нармальнасці. Людзі елі, пілі і жаніліся, былі настолькі паглынутыя зямным, што “не заўважылі” ласкі.
Толькі Ной здолеў разгледзець, што жыве пад цярплівым небам, і пачаў будаваць каўчэг – сімвал аднаўлення ўнутранага “храма Пана” пасярод абыякавасці свету.
Божая “адмена” супраць сучаснай “культуры адмены”
Прапаведнік правёў глыбокую паралель паміж біблейскім патопам і сучаснасцю. Рашэнне Бога “сцерці” чалавека з твару зямлі – гэта не акт нянавісці, а спроба ўратаваць праект стварэння.
У адрозненне ад сучаснай “культуры адмены” (cancel culture), якая бязлітасна выдаляе нязручных людзей, Божае “сціранне” накіравана на знішчэнне зла дзеля вызвалення чалавека.
Патоп стаў момантам “дэ-крэацыі” дзеля “рэ-крэацыі”: Бог часова змяніў правілы гульні, каб выратаваць саму гульню, якую Ён распачаў з любоўю.
Вясёлка – лук вайны, павешаны на аблокі
Самы кранальны вобраз медытацыі – інтэрпрэтацыя вясёлкі. Айцец Пазаліні нагадаў, што яўрэйскае “qeshet” азначае баявы лук. Пасля патопу Бог вешае свой лук на аблокі, накіроўваючы стралу ў неба, прэч ад зямлі. Гэта ўрачыстая дэкларацыя ненасілля: Усемагутны добраахвотна абяззбройвае сябе, робіцца ўразлівым, каб заключыць з чалавецтвам вечны мір. Менавіта гэты жэст – спыненне гневу тым, хто мае ўладу пакараць – з'яўляецца найвышэйшай праявай любові.
Адвэнтавая пільнасць, падсумаваў капуцын, – гэта не страх перад канцом, а актыўны ўдзел у гэтым Божым міры. Гэта заклік “прысвяціць сябе збаўленню”, каб у ночы свету заставацца вартаўнікамі, якія чакаюць непазбежнага ўзыходу Ранішняй Зоркі – Хрыста.