Дзяржсакратар наведаў анкалагічных хворых
Ян Глінскі
Бог, як дадаў Дзяржсакратар падчас святой Імшы ў капліцы інстытута, шукае для сваёй місіі “шчырых сэрцаў”, для місіі, якая рэалізуецца таксама ў мурах гэтай медыцынскай установы.
У казанні кардынал Паралін засяродзіўся на тым, які сэнс укрыты ў Адвэнце – часе радаснага чакання Нараджэння Збаўцы. Іерарх нагадаў, што ёсць тры прыйсця Хрыста: першае, якое адбылося ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму; будучае – у канцы часоў; і трэцяе, якое Айцы Касцёла называюць “прамежкавым” – яно адбываецца кожны дзень у сэрцах вернікаў і ў хрысціянскай супольнасці “праз Слова і сакрамэнты”.
Час Адвэнту, як дадаў кардынал, з’яўляецца шляхам падрыхтоўкі чалавецтва да другога прыйсця Пана. Гэты шлях вядзе праз пазіцыю пакоры і надзеі. У дні, якія папярэднічаюць урачыстасці Нараджэння Пана, Слова Божае да кожнага скіроўвае запрашэнне “зазірнуць у сябе”, у тым ліку праз малітву. Кардынал, разумеючы як нялёгка знайсці час і месца для ўнутранага жыцця ў сённяшнім шалёным свеце і сярод шматлікіх штодзённых абавязкаў, заахвоціў прысутных маліцца Навэнну да Дзіцятка Езуса, што папярэднічае радаснай урачыстасці.
“Кожны дзень у гэтым месцы можа нарадзіцца новая прысутнасць Збаўцы, якую трэба прыняць, – сказаў Дзяржсакратар. – Але калі Ён не нараджаецца ў вашым сэрцы кожны дзень, Яго нараджэнне ў Бэтлееме нічога не вартае”.
Пасля заканчэння Імшы кардынал паклаў фігурку Дзіцятка Езуса пад ялінкай ля ўваходу ў інстытут, пасля чаго накіраваўся ў анкалагічнае аддзяленне, каб павіншаваць пацыентаў з надыходзячым святам.