Дзяржаўны Сакратар сустрэўся з італьянскімі дэпутатамі-католікам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэчу, якая 16 снежня 2025 года прайшла ў Сікстынскай капэле, арганізаваў італьянскі палітык Маўрыцыё Лупі. На ёй прысутнічалі таксама старшыні Сената і Палаты дэпутатаў італьянскага парламента.
Кардынал Паралін заклікаў успрымаць Божае Нараджэнне не як гістарычны ўспамін ці спажывецкае свята, а як магчымасць “перажыць нараджэнне Хрыста ва ўласным сэрцы”, і паразважаць над тым, што важна ў жыцці і што мы павінны рабіць.
У сённяшняй складанай міжнароднай сітуацыі Божае Нараджэнне павінна служыць для таго, каб адрадзіць цэнтральную ролю Хрыста ў нашым жыцці, - падкрэсліў Дзяржсакратар. Пан нам патрэбны. “Не ведаю, наколькі мы ў гэтым упэўненыя. Магчыма, мы думаем, што з нашай вынаходлівасцю, нашымі сродкамі, навыкамі мы можам вырашыць усе ці большую частку праблем, але наш вопыт кажа пра адваротнае", - папярэдзіў ён.
Кардынал Паралін заклікаў адчуць неабходнасць прысутнасці Хрыста ў асабістым, сацыяльным і грамадскім жыцці. Ён адзначыў, што свята Божага Нараджэння павінна трансфармаваць чалавека ўнутрана, інакш сэнс застанецца марным, нягледзячы на знешнія рытуалы.
Старшыні Сената і Палаты дэпутатаў падзякавалі Дзяржсакратару за дыпламатычную працу Святога Пасада, а таксама адзначылі значэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў і ўклад хрысціянства ў “мастацтва, цывілізацыю, культуру, філасофію і навуку”. Ад імя ўсіх прысутных прагучала просьба маліцца за дэпутатаў, таму што за фасадам палітыкі стаяць людзі, часам “з уразлівасцямі і ў складаных сітуацыях на асабістым і сямейным узроўні".
Сустрэча завяршылася калядным спевам “Adeste Fideles”, малітвай і абменам падарункамі.