Трэцяе адвэнтавае казанне: Божае святло азарае кожнага чалавека
Марыя Валодзіна – Vatican News
Раніцай 19 снежня 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI прайшла трэцяя адвэнтавая медытацыя ў прысутнасці Льва XIV і Рымскай курыі. Яе тэма - "Універсальнасць збаўлення. Надзея без умоў".
Прапаведнік Папскага дома падкрэсліў, што сустрэча з Хрыстом патрабуе смеласці. Неабходна ўстаць, пакінуць свой унутраны камфорт і ісці насустрач нявызначанаму. Як Мудрацы з усходу, вернікі закліканы валодаць здольнасцю “глядзець здалёк, каб бачыць лепш”, адкрываючыся на Божую прысутнасць на неспадзяваных шляхах.
Божае святло не знішчае чалавечыя пытанні і жаданні, а высвятляе іх і вядзе да больш поўнага сэнсу жыцця. Яно патрабуе мужнасці, бо выяўляе фальш і супярэчнасці, прымушае бачыць тое, што мы хацелі б ігнараваць. Але прыняць святло Хрыста не азначае быць дасканалым, трэба пачаць ісці да праўды ў сваім уласным жыцці, - падкрэсліў капуцын.
Айцец Пазаліні адзначыў, што гэта важна і для Касцёла: супольнасць вернікаў павінна жыць святлом Хрыста, прызнаючы свае слабасці і супярэчнасці, каб стаць сапраўдным домам для ўсіх, не імкнучыся да фармальнай ідэальнай чысціні, а адкрываючыся для сустрэчы з іншымі.
Мудрацы з усходу паказваюць, што сустрэча з Богам патрабуе руху і адкрытасці: прыйсці пакланіцца – гэта рух веры. Устаць і пайсці азначае, што трэба пакінуць свае звычкі, страх і камфорт, а пакланіцца – прызнаць свае абмежаванні і прыняць тое, што не паддаецца нашаму кантролю. Гэта таксама заклік да перагляду звычак місійнай працы: часам падчас евангелізацыі ёсць спакуса дадаваць тое, чаго не хапае, выпраўляць людзей. Замест гэтага айцец Пазаліні прапануе дапамагаць іншым распазнаць святло, якое ўжо ёсць у іх.
Прапаведнік адзначыў, што сапраўднае святло Божага нараджэння “асвятляе кожнага чалавека”, адкрываючы праўду, пакліканне і падабенства з Богам. Гэтая святло не навязваецца, а прапануецца, робячы Касцёл месцам сустрэчы, дзе кожны можа знайсці сэнс свайго жыцця ў святле Хрыста.