Тарніелі: адданасць міру нараджаецца з сузірання аблічча Дзіцяці
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Панчанка
У сваёй аўтарскай калонцы на партале “Vatican News” праграмны дырэктар СМІ Святога Пасада нагадаў словы, якія Леў XIV выкарыстаў у пасланні на Сусветны дзень міру: “Нішто не змяняе чалавека так моцна, як дзіця. І, магчыма, менавіта думка пра нашых дзяцей, пра дзяцей увогуле, а таксама пра тых, хто ўразлівы, як яны, пранізвае нашы сэрцы”.
Дзеці Украіны, Газы і шматлікіх забытых канфліктаў
“Усемагутны Бог, становячыся Чалавекам, пагаджаецца стаць дзіцём, цалкам залежным ад клопату маці і бацькі, паводле логікі маласці, і вырашае прыйсці ў свет у беднасці стайні і ў непрыкметнасці ўскраіны Рымскай імперыі”, - напісаў Тарніелі, дадаючы, што “погляд на гэта Дзіця, галоўнага героя нашых ясляў, не можа пакінуць нас абыякавымі перад драмай многіх дзяцей – ахвяр вайны: тых, што загінулі пад бомбамі ва Украіне; тых, што былі забітыя ў Газе – спачатку пад дажджом ракет, а сёння ад холаду з-за цяжкасцяў доступу да гуманітарнай дапамогі; тых, што загінулі ў шматлікіх забытых канфліктах у іншых частках свету”.
Хрыстус абвяшчае свету раззброены і раззбройваючы мір
Андрэа Тарніелі падкрэсліў, што “для хрысціянаў мір і ненасілле маюць глыбока евангельскія карані ў словах і паставе Езуса, які Пятру, што хацеў Яго абараніць, загадаў схаваць меч у ножны”. “Мір, які ўваскрослы Хрыстус абвяшчае свету – бяззбройны і раззбройваючы; гэта рэальнасць, якую трэба берагчы і ўзрошчваць у нашым сэрцы, у нашых адносінах, у нашых сем’ях, у нашых супольнасцях, у нашых краінах. Гісторыя вучыць нас, колькі разоў мы, у тым ліку як хрысціяне, забываліся пра гэта, становячыся саўдзельнікамі трагічных войнаў і насілля”, - падкрэсліў ён.
Небяспечная логіка вайны
“Леў XIV нагадвае, што сёння і мы рызыкуем лічыць мір далёкім ідэалам, апраўдваючы вайну дзеля яго дасягнення”, - заўважыў Тарніелі, звяртаючы ўвагу на перавагу агрэсіўнай і канфрантацыйнай логікі, якая, здаецца, пераважае ў публічных дыскусіях і СМІ, і паводле якой, ставіцца ў віну недастатковая падрыхтоўка да вайны. На думку галоўнага рэдактара ватыканскіх медыя, гэта надзвычай небяспечная логіка, якая “вядзе нас да прорвы новага сусветнага канфлікту з непрадказальнымі і разбуральнымі наступствамі”.
Актывізаваць шлях дыпламатыі і перамоў
“Сёння больш чым калі-небудзь, – піша Папа, – неабходна паказаць, што мір – не ўтопія, праз уважлівую і плённую пастырскую крэатыўнасць. Замест таго каб працягваць шлях пастаяннага росту выдаткаў на ўзбраенні, якія дасягнулі 2,5 % сусветнага ВУП; замест таго каб інвеставаць тысячы мільярдаў у прылады смерці і знішчэння, прызначаныя – як мы бачылі – каб зраўняць з зямлёй школы і бальніцы; замест таго каб уводзіць у зман, быццам наша бяспека заключаецца ў пераўзбраенні і стрымліванні, патрэбна адвага міру. Патрэбна зноў актывізаваць шлях дыпламатыі, перамоў, медыяцыі, міжнароднага права, у тым ліку ўмацоўваючы міжнародныя інстытуцыі”, - напісаў ватыканскі медыя-эксперт.
Даверымся словам Папы
“Не дазволім, каб словы Папы Льва засталіся голасам, што ўсклікае ў пустыні; не пакінем сам-насам Біскупа Рыма; даверымся яго словам і звернемся да гісторыі, каб зразумець, колькі здаровага рэалізму ёсць у яго зваротах, як і ў зваротах яго папярэднікаў, занадта часта не пачутых. Мы пакліканыя “матываваць і падтрымліваць кожную духоўную, культурную і палітычную ініцыятыву, якая падтрымлівае надзею, супрацьстаючы распаўсюджанню фаталістычных настрояў, быццам цяперашнімі працэсамі кіруюць ананімныя безасабовыя сілы і структуры, незалежныя ад чалавечай волі”. Мір магчымы, і шалёная гонка ўзбраенняў – не шлях да яго абароны. Для хрысціянаў мір мае безабароннае аблічча Бога-Дзіцяці, далікатнага, як кожнае дзіця: дазволім, каб гэтае аблічча і пасланне міру, што прагучала ў ноч першага Божага Нараджэння, пранізалі наша сэрца”, - напісаў Андрэа Тарніелі.