Тарніелі: Юбілей 2033 – вярнуцца ў Іерусалім, да вытокаў веры
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня
Пра абвяшчэнне і запрашэнне Наступніка Пятра, скіраванае да іншых хрысціян на Юбілей Адкуплення ў 2033 годзе, піша ў сваім рэдакцыйным артыкуле Андрэа Тарніелі.
Праграмны дырэктар ватыканскіх медыя нагадвае, што Папа, які ўключыў заклік да адзінства ў Хрысце ў свой біскупскі дэвіз, запрасіў вернікаў розных канфесій да супольнага духоўнага пілігрымавання. Мэта гэтага шляху – вяртанне ў Іерусалім, да сапраўдных каранёў нашай веры.
Евангельскі смак сустрэчы ля возера
Аўтар звяртаецца да падзеі, што мела месца некалькі дзён таму ў Ізніку, старажытнай Нікеі, дзе лідары хрысціянскіх супольнасцей маліліся разам на запрашэнне Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І з нагоды 1700-годдзя першага Сусветнага сабору.
Цырымонія каля руін базілікі святога Неафіта, якія паўсталі з вод возера, мела сапраўды евангельскі смак. Тарніелі праводзіць паралель з Тыберыядскім возерам, дзе разгортвалася значная частка навучання Езуса і дзе Назаранін паклікаў Пятра і Андрэя стаць апосталамі.
Аднак прыгажосці пейзажу і глыбіні малітвы католікаў, праваслаўных і пратэстантаў не хапіла, каб засланіць балючую рану адсутнасці некаторых братоў. Менавіта таму Леў XIV, сустракаючыся пазней з удзельнікамі падзеі, выказаў надзею на новыя сустрэчы, якія ўключаць і тыя Цэрквы, што не змаглі прысутнічаць у Ізніку.
Прапанова Біскупа Рыма палягае на тым, каб разам адзначыць дзве тысячы гадоў ад смерці і ўваскрасення Езуса і ад нараджэння Касцёла. Гэта, паводле Тарніелі, пакорнае і адважнае запрашэнне выйсці за межы Нікеі і вярнуцца туды, дзе ўсё пачалося.
Пакінуць другаснае дзеля галоўнага
Вяртанне ў Іерусалім азначае вяртанне да ахвяры Галгофы і да Магілы, якую жанчыны знайшлі пустой велікодным ранкам. Гэта вяртанне ў Вячэрнік, месца Апошняй вячэры і Спаслання Духа Святога, дзе перапалоханыя вучні ператварыліся ў нястомных місіянераў.
Тарніелі падкрэслівае: стаць пілігрымамі разам значыць адкласці ўбок тое, што не з’яўляецца істотным – налёт "касцельнай палітыкі", саперніцтва, нацыяналізму і чалавечых традыцый, якія падзяляюць.
Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ перакананы: свету і Касцёлу патрэбна пераадоленне падзелаў праз адшуканне сэрца евангельскага паслання. Словы Папы пра неабходнасць міру і згоды, якія прагучалі ў прысутнасці Патрыярха Канстантынопальскага, заклікаюць сустрэцца пакорна, як браты, каб разам паўтарыць вызнанне Пятра: "Ты – Месія, Сын Бога жывога!".