У Ватыкан прыбудзе драўляная скульптура Маці Божай Надзеі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Драўляная фігура паходзіць з мястэчка Сан-Марка-дзі-Кастэлабатэ, што ў правінцыі Салерна. Яна будзе дастаўлена ў Ватыкан у панядзелак, 22 снежня 2025 года, і застанецца ў Базіліцы Святога Пятра да 6 студзеня 2026 года.
Маці Надзеі трамае на руках Дзіцятка. У яе правай руцэ – пазалочаны якар, які ўпіраецца ў зямлю. Фігура нагадвае Багародзіцу з санктуарыя Святой Марыі Надзеі ў Баціпальі, якая наведвала Ватыкан падчас адкрыцця Юбілею ў 2024 годзе. Статуя з Кастэлабатэ крыху навейшая, яна была створана ў 1954 годзе з нагоды Марыйнага года, абвешчанага Піем XII. Напярэдадні Юбілею надзеі яе адрэстаўравалі.
Маці Божая, любімая вернікамі і турыстамі
Не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія турысты, якія летам напаўняюць гэтую прыморскую вёску, адчуваюць глыбокую пашану да драўлянай марыйнай фігуры вышынёй 1,45 метра. Урачыстасць Маці Божай Надзеі адзначаецца тут ў апошнюю нядзелю жніўня і з'яўляецца адзіным марыйным святам у дыяцэзіі Вала-дэла-Луканія. Падчас трыдуума ўрачыстая працэсія нясе абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, створаны ў XIX стагоддзі, які паслужыў узорам для драўлянай статуі. Затым у працэсіі прымае ўдзел і сама статуя. У порце да яе звяртаюцца з малітвай аб заступніцтве за рыбакоў гэтага краю.
З перыферыі ў Рым
Фігура Маці Божай Надзеі прыбудзе ў Рым з перыферыі – тэрыторыі на поўдні Італіі, якая пакутуе ад дэмаграфічнага крызісу, дзе не заўсёды гарантаваныя нават базавыя паслугі. Яе наведванне Ватыкана дазволіць праліць святло на рэчаіснасць мясцовых супольнасцяў, дзе насельніцтва старэе, адчуваецца адзінота, паглыбляецца няроўнасць і моладзь пакідае родныя мясціны. Найсвяцейшая Панна Марыя нясе з сабой цяжар гэтых выпрабаванняў, але адначасова стане сімвалам надзеі для тых, хто знаходзіць у Яе мацярынскай апецы суцяшэнне і любоў.