Пошук

Рэкалекцыі Папы: святы Бернард застаецца захапляльнай постаццю

У другім велікапосным разважанні, якое прагучала ў ватыканскай капліцы Паўла ІІІ раніцай 23 лютага 2026 года, біскуп Эрык Вардэн звярнуўся да постаці святога Бернарда Клервоскага, чыё вучэнне працягвае натхняць Касцёл і сёння.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Якім чалавекам быў святы Бернард? Адкуль ён прыйшоў?” – такімі пытаннямі распачаў сустрэчу прапаведнік.

Постаць, якая ўзвышаецца над стагоддзем

Сваёй харызмай і працавітасцю святы Бернард узвышаецца над цыстэрцыянскім рухам XII стагоддзя. Многія мяркуюць, што менавіта ён заснаваў ордэн, аднак гэта не так, хоць ён і выклікаў фурор, калі ў 1113 годзе, ва ўзросце 23 гадоў, з’явіўся ў кляштар разам з трыццаццю паплечнікамі, - распавёў біскуп Вардэн.

Кляштар у Сіто быў адначасова інавацыйным і рэфарматарскім праектам. Фундатары называлі сваю супольнасць, заснаваную ў 1098 годзе, novum monasterium. Яны імкнуліся зрабіць нешта новае, а не проста рэагаваць на праблемы, і гэта было добрае рашэнне, бо рэакцыйныя праекты рана ці позна заходзяць у тупік. На першы погляд цыстэрцыянскі праект выглядаў кансерватыўным. Аднак яго ініцыятары прыўносілі навінкі. Гэтая дыялектыка аказалася плённай, - падкрэсліў прапаведнік.

Гнуткасць і прынцыповасць

Упэўненасць святога Бернарда ва ўласных меркаваннях рабіла яго гнуткім у захаванні агульнапрынятых працэдур, якіх ён прытрымліваўся. Яго бачанне патрэбаў Касцёла часам прымушала яго займаць жорсткія пазіцыі і з запалам адстойваць свой бок. Але ён не быў крывадушнікам. Гэта быў сапраўды пакорны чалавек, цалкам адданы Богу, здольны да пяшчотнай дабрыні, верны сябра – нават здольны пасябраваць з былымі ворагамі – і пераканаўчы сведка Божай любові. Ён быў і застаецца захапляльнай постаццю, - заўважыў трапіст.

Паралель з XX стагоддзем

Абат Джэймс Фокс, прадпрымальны настаяцель Гефсіманскага абацтва ў 1948-1967 гадах, аднойчы з раздражненнем напісаў пра свайго сабрата Томаса Мэртана: "У яго такі электрычны розум!" Мэртан выводзіў Фокса з раўнавагі сваімі ідэямі, інтуіцыяй і настойлівасцю. Але Фокс ведаў, што ён шчыры. Ён паважаў яго, любіў яго кампанію (калі яны не былі ў эпіцэнтры чарговай грандыёзнай сваркі) і на працягу большай часткі свайго служэння абатам спавядаўся ў Мэртана, - працягнуў прапаведнік.

Было б недарэчна параўноўваць Томаса Мэртана з Бернардам Клервоскім, але паміж імі ёсць тэмпераментнае падабенства. Хоць Бернард нічога не ведаў пра электрычнасць, яго натура была імклівая, “падобная да ртуці”, поўная велізарных напружанняў, якія яму даводзілася ўраўнаважваць, - адзначыў біскуп Вардэн.

Навяртанне як шлях барацьбы

Па яго словах, вучэнне святога Бернарда пра навяртанне нарадзілася з біблійнай культуры найвышэйшага ўзроўню і глыбока прадуманых тэалагічных уяўленняў. Але з цягам часу яно ўсё больш нараджалася з яго асабістай барацьбы. Вопыт, раны і правакацыі вучылі яго не лічыць уласны шлях заўсёды правільным, пераглядаць сваю самаправеднасць і захапляцца міласэрнай справядлівасцю Бога.

23 лютага 2026, 11:57