Пошук

Кардынал Паралін адказвае на пытанні журналістаў у кулуарах святкавання гадавіны Латэранскіх пагадненняў Кардынал Паралін адказвае на пытанні журналістаў у кулуарах святкавання гадавіны Латэранскіх пагадненняў  (ANSA)

Святы Пасад не ўвойдзе ў "Board of Peace”

Кардынал П’етра Паралін патлумачыў адмову Святога Пасада ад удзелу ў "Радзе міру” (Board of Peace) і падзяліўся не суцяшальнымі прагнозамі адносна завяршэння вайны ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы ў італьянскім Палаца Барамеа, прымеркаванай да гадавіны Латэранскіх пагадненняў, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці акрэсліў межы ўдзелу Святога Пасада ў міжнародных ініцыятывах. Ён заявіў, што Святы Пасад не будзе ўдзельнічаць у рабоце "Рады міру”. Паводле іерарха, прычына крыецца ў "асаблівай прыродзе" ватыканскай дыпламатыі, якая адрозніваецца ад прыроды дыпламатыі іншых дзяржаў.

Роля ААН і пытанні да новых ініцыятыў

Каментуючы намер Італіі далучыцца да гэтай структуры ў якасці назіральніка, кардынал заўважыў, што праект выклікае пэўную занепакоенасць. Паралін падкрэсліў, што хоць пошук адказаў на сучасныя выклікі важны, застаюцца крытычныя моманты, якія патрабуюць тлумачэнняў.

Галоўная пазіцыя Святога Пасада, якую агучыў Дзяржсакратар, палягае на тым, што менавіта Арганізацыя Аб’яднаных Нацый павінна быць асноўнай пляцоўкай для кіравання міжнароднымі крызісамі. Гэта фундаментальны прынцып, на якім Святы Пасад настойваў падчас перамоў.

Прагнозы адносна Украіны

Напярэдадні чацвёртай гадавіны пачатку маштабных ваенных дзеянняў ва Украіне, якая суправаджаецца жорсткімі ўдарамі па энергетычнай інфраструктуры, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада не хаваў свайго смутку. Ён не аптымістычна глядзіць на хуткае ўсталяванне міру.

Паводле слоў кардынала Параліна, ні з аднаго, ні з другога боку не назіраецца рэальнага прагрэсу. Ён назваў трагедыяй тое, што праз чатыры гады свет усё яшчэ знаходзіцца ў гэтым пункце. Хоць надзея на дыялог застаецца, рэальных спадзяванняў на прарыў зараз няшмат.

Сацыяльнае партнёрства з Італіяй

Нягледзячы на трывожны міжнародны парадак дня, кардынал станоўча ацаніў адносіны з італьянскім урадам. Ён выказаў удзячнасць за ўвагу ўлад да сацыяльных прыярытэтаў Касцёла. Гаворка ідзе пра падтрымку сем’яў, адукацыю, дапамогу людзям з інваліднасцю і сітуацыю ў турмах. У гэтых кірунках, якія непасрэдна курыруе італьянскі епіскапат, удалося зрабіць канкрэтныя крокі наперад.
 

18 лютага 2026, 10:36