У Базіліцы Святога Пятра новы “Крыжовы шлях”
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Крыжовы шлях” стварыў малады швейцарскі мастак Мануэль Андрэас Дзюр. Яго праект перамог на адмысловым міжнародным конкурсе, які праводзіла Фабрыка святога Пятра. Творы будуць знаходзіцца ў ватыканскім саборы да 4 красавіка 2026 года. Потым іх перамесцяць у сховішчы, дзе яны будуць чакаць наступнага Вялікага посту.
Афіцыйнае адкрыццё
Афіцыйнае адкрыццё прайшло ў першую пятніцу Вялікага посту, 20 лютага 2026 года. У ім бралі ўдзел кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр Базілікі Святога Пятра; мансеньёр Арацыа Пепэ, сакратар Фабрыкі святога Пятра; і сам мастак Мануэль Андрэас Дзюр. Музычнае суправаджэнне забяспечыла “Capella Giulia”. Пасля цырымоніі адбылося набажэнства Крыжовага шляху.
Мастацкія творы ў дыялогу з базілікай
“Новы “Крыжовы шлях” быў створаны маладым, таленавітым мастаком спецыяльна для Базілікі Святога Пятра. Мы бачым, што гэтыя абразы знаходзяцца ў дыялогу з аздабленнем базілікі – мармурам, скульптурамі, пазалочанай ляпнінай і нават святлом – на гэтых палотнах намаляваныя тыя самыя промні сонца, што трапляюць у сабор. Вялікія памеры мастацкіх твораў – 160 на 160 сантыметраў – таксама ўзаемадзейнічаюць з базілікай”, - расказаў ватыканскім медыя П’етра Дзандэр, кіраўнік аддзела культурнай спадчыны Фабрыкі святога Пятра.
Праект у рамках 400-годдзя кансэкрацыі сабора
Стварэнне новага “Крыжовага шляху” – адна з ініцыятыў у рамках 400-годдзя кансэкрацыі новай Базілікі Святога Пятра, якое адзначаецца сёлета. Ватыканскі сабор быў асвечаны 18 лістапада 1626 года Папам Урбанам VIII пасля глабальнай перабудовы, якая працягвалася амаль 120 гадоў.