Кардынал Паралін: донарства органаў – чын любові, мацнейшы за смерць
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца благаславіў новае сучаснае аддзяленне дыялізу і прыняў удзел у сустрэчы на тэму “Культура дару”, падкрэсліўшы, што кожны ўклад у падтрымку хворых, у тым ліку фінансавы, становіцца “Божым Провідам, які спаўняецца рукамі чалавека”.
Шчодрасць дазваляе выйсці з замкнёнасці ў сабе
Кардынал Паралін заўважыў, што дар – гэта сіла, якая супрацьстаіць культуры вымярэння ўсяго ў катэгорыях прыбытку і карысці. Ён адзначыў, што існуюць розныя формы дару: падораныя грошы становяцца прыладай справядлівасці; органы – чынам любові, які пераўзыходзіць смерць; ахвяраваны час – самай высокай формай любові ў нашым хуткім свеце.
“Дар – гэта наймагутнейшая мова, з дапамогай якой людзі выражаюць свае самыя лепшыя якасці”, - сказаў іерарх, нагадваючы, што шчодрасць дазваляе чалавеку выйсці з замкнёнасці ў сабе і адкрыцца на бліжняга. Усе формы дару праслаўляюць Бога, калі здзяйсняюцца з чыстымі сэрцамі і намерамі, - дадаў ён.
Фінансавы дар як форма любові
Дзяржсакратар падкрэсліў, што фінансавы дар можа стаць канкрэтнай формай любові, дазваляючы вярнуць людзям годнасць і зрабіць магчымым аказанне дапамогі ў будучыні. У сувязі з гэтым ён падзякаваў ахвярадаўцам, якія падтрымліваюць шпіталь “Bambino Gesù”, заўважаючы, што яны не толькі робяць велікадушны ўчынак, але ўдзельнічаюць у місіі па распаўсюджванні клопату і надзеі, ахоўваючы жыццё і годнасць людзей.
Даць іншаму дзіцяці магчымасць стаць дарослым
Гаворачы пра донарства органаў, кардынал Паралін адзначыў, што гэта форма дару з'яўляецца адлюстраваннем слоў Хрыста: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”.
Гэты ўчынак набывае яшчэ больш глыбокую каштоўнасць, калі здзяйсняецца бацькамі, якія, перажываючы “невымерныя пакуты” страты дзіцяці, становяцца здольнымі падарыць “жыццё, надзею і будучыню іншым”, пераадолеўшы адчай і даючы іншаму дзіцяці “магчымасць стаць дарослым”, - сказаў іерарх, заўважаючы, што “чалавечае жыццё – гэта адносіны і еднасць”, а ў падораным органе жыве любоў, якая не мірыцца са смерцю.
Быць побач
Дзяржсакратар адзначыў, што самай даступнай формай дару з’яўляецца ахвяраванне ўласнага часу: здольнасць слухаць, суправаджаць, быць побач, сказаць іншаму: “Ты важны для мяне”. У гэтым кантэксце кардынал Паралін падзякаваў медыцынскаму персаналу бальніцы і валанцёрам за ўвагу, якую яны прысвячаюць хворым. “Якасць цывілізацыі вымяраецца здольнасцю клапаціцца пра найслабейшых”, - падкрэсліў на заканчэнне прамовы найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.