Пошук

Папа і іерархі Рымскай курыі распачалі велікапосныя рэкалекцыі

Увечары 22 лютага 2026 года для Папы, кіраўнікоў Дыкастэрый Рымскай курыі і кардыналаў, якія пражываюць у Рыме, распачаўся перыяд велікапосных духоўных практыкаванняў. Ён будзе працягвацца да 27 лютага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ватыканскія рэкалекцыі на тэму “Асветленыя схаванай славай” праводзіць нарвежскі біскуп Эрык Вардэн – манах-трапіст, прэлат Тронхейма і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Скандынавіі. Яны праходзяць у капліцы Папы Паўла ІІІ у Апостальскім палацы, пабудаванай у 1537-1540 гадах і вядомай як “Капэла Паоліна”.

Прастора, пазбаўленая лішняга

Падчас першай медытацыі, якой папярэднічала супольная малітва Літургіі гадзін, скандынаўскі іерарх заклікаў адкрыць глыбокі сэнс хрысціянскага супакою падчас духоўнай барацьбы. Ён нагадаў, што “Вялікі пост ставіць нас перад абліччам самага істотнага” і “ўводзіць – матэрыяльна і сімвалічна – у прастору, пазбаўленую ўсяго лішняга”.

“Тое, што адцягвае нашу ўвагу, нават добрае само па сабе, часова адкладаецца ў бок”, а Касцёл заклікае нас праз устрыманне і ўнутраную дысцыпліну нанова прыйсці да вернасці прыкладу і запаведзям Хрыста, - падкрэсліў прапаведнік.

Стаць людзьмі супакою

Біскуп Вардэн заўважыў, што ў Вялікі пост хрысціяне пакліканы імкнуцца стаць людзьмі супакою, бо менавіта супакой, “якога свет даць не можа”, з’яўляецца сведчаннем трывалай прысутнасці Езуса ў чалавеку.

Сапраўдны сэнс духоўнай барацьбы

На яго думку, на гэтым асабліва важна настойваць у нашыя дні, калі Евангелле нярэдка выкарыстоўваецца як інструмент у культурных і ідэалагічных войнах. Маніпуляцыям хрысціянскімі словамі і жэстамі варта супрацьстаяць не толькі праз эмацыйнае абурэнне – трэба навучаць сапраўднаму сэнсу духоўнай барацьбы і нагадваць, што хрысціянскі супакой – гэта не абяцанне лёгкага жыцця, а ўмова для перамененага грамадства, - сцвердзіў іерарх, нагадваючы, што ў аснове хрысціянскага супакою ляжыць укаранёнасць у праведным жыцці і мужнае дарэнне сябе іншым.

Шлях ачышчэння сэрца

Біскуп падкрэсліў, што радыкалізм хрысціянскага супакою патрабуе духоўнай працы, ачышчэння сэрца, барацьбы з унутранымі заганамі, у першую чаргу з гневам. Ён заўважыў, што дапамогай на гэтым шляху можа паслужыць старажытны літургічны тракт “Qui habitat”, амаль цалкам заснаваны на 90 псальме. Рэкалекцыяніст адзначыў, што каштоўнасць гэтага твору для велікапоснага шляху падкрэсліваў яшчэ святы Бернард Клервоскі, які ў 1139 годзе прысвяціў яму адмысловы цыкл разважанняў.
 

23 лютага 2026, 10:04