Пошук

Базіліка Святога Пятра Базіліка Святога Пятра  (AFP or licensors)

Брацтва святога Пія X: дыялогу не будзе, кансэкрацыі пацверджаны

Брацтва святога Пія X адхіліла прапанову Святога Пасада аб тэалагічным дыялогу і пацвердзіла намер правесці біскупскія пасвячэнні 1 ліпеня 2026 года, нягледзячы на пагрозу схізмы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канчатковае "не" прапанове аб пачатку "адмысловага тэалагічнага дыялогу" стала вынікам ацэнкі Генеральнай рады Брацтва святога Пія X. Прычына катэгарычнасці ў тым, што Святы Пасад не дапускае рэвізіі тэкстаў Другога Ватыканскага Сабора і легітымнасці літургічнай рэформы.

Такую пазіцыю ў афіцыйным адказе кардыналу Віктару Мануэлю Фернандэсу, прэфекту Дыкастэрыі веравучэння, агучыў генеральны настаяцель ксёндз Давідэ Пальярані, пацвердзіўшы рашучае "так" запланаваным на 1 ліпеня 2026 года пасвячэнням біскупаў без папскага мандата.

Гэта стала рэакцыяй на сустрэчу 12 лютага 2026 года, пасля якой кардынал Фернандэс прапанаваў Брацтву шлях дыскусіі па спрэчных тэмах. Аднак Святы Пасад папярэдзіў: кансэкрацыя біскупаў без згоды Пантыфіка будзе азначаць "рашучы разрыў касцельнай камуніі з цяжкімі наступствамі".

У лісце ад 18 лютага 2026 года Пальярані адзначыў, што сумесны шлях не зможа вызначыць "мінімум, неабходны для поўнай камуніі", паколькі Рым лічыць Сабор і яго паслясаборнае развіццё адзіна магчымай афіцыйнай інтэрпрэтацыяй. На яго думку, такія дакументы, як "Redemptor hominis" ці "Traditionis custodes", сведчаць аб тым, што дактрынальныя рамкі, у якіх Святы Пасад мае намер весці любое абмеркаванне, ужо выразна і непахісна акрэслены.

"Пры агульным разуменні таго, што мы не можам знайсці пагадненне ў пытаннях дактрыны, адзіны пункт сустрэчы – міласэрнасць да душ", - падкрэсліў настаяцель. Ён пацвердзіў, што ліпеньскія пасвячэнні адбудуцца як "канкрэтная патрэба для выжывання Традыцыі", ігнаруючы патрабаванне Дыкастэрыі аб іх адтэрміноўцы.

Святы Пасад у асобе кардынала Фернандэса яшчэ раз нагадаў, што паводле Канона 331 і Канстытуцыі "Pastor aeternus", толькі Папа валодае вярхоўнай уладай у Касцёле. Любыя крокі насуперак гэтаму мандату аўтаматычна ставяць супольнасць па-за межы касцельнага адзінства.
 

20 лютага 2026, 09:51