Святы Пасад прадставіў у ААН прынцыпы этычнага засваення космасу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Космас і чалавецтва на раздарожжы: разважанні пра новую мяжу агульнага дабра” – так называецца даследаванне, падрыхтаванае фондам “Caritas in veritate”, які займаецца прасоўваннем сацыяльнага вучэння Касцёла на міжнароднай арэне. Прадмову да публікацыі напісаў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.
Прэзентацыя на высокім узроўні
Даклад быў прадстаўлены 14 лютага 2026 года ў Жэневе ў прысутнасці каля 125 гасцей, сярод якіх былі дыпламаты, эксперты, навукоўцы, прадстаўнікі буйных міжнародных і грамадзянскіх арганізацый.
З уступным словам выступіла генеральны сакратар Міжнароднага саюза электрасувязі Дарын Богдан-Марцін. У дыскусіі бралі ўдзел прафесар Дамінік Ламбэр з Намюрскага ўніверсітэта, амерыканскі астранаўт Майк Хопкінс, прадстаўніца Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення Альмудэна Аскаратэ Артэга і іншыя эксперты. Прэзентацыя прайшла пад старшынствам арцыбіскупа Этарэ Балестрэра, Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду пры ААН у Жэневе.
Тры галоўныя прынцыпы
У публікацыі фонду “Caritas in veritate” падкрэсліваюцца некалькі фундаментальных прынцыпаў, важных для этычнага засваення космасу. Першы датычыць таго, што касмічная прастора павінна застацца “res communis” – агульным дабром для ўсяго чалавецтва. Гаворка ідзе пра тое, каб забяспечыць справядлівае размеркаванне выгод ад даследавання космасу паміж усімі краінамі, а не толькі тэхналагічна развітымі.
Другі прынцып закранае праблему ўстойлівага развіцця касмічнай прасторы і барацьбы з фізічнымі рызыкамі, звязанымі з арбітальным смеццем. Трэці – датычыць пытанняў бяспекі і міру: у публікацыі адзначаецца вострая неабходнасць абнаўлення міжнароднага “касмічнага права”, каб прадухіліць новую гонку ўзбраенняў, а таксама пераходу ад логікі суперніцтва да логікі супрацоўніцтва і “арганізаванай канкурэнцыі”.