Актуальнае з Ватыкана: віджэт Vatican News для каталіцкіх сайтаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News.
Гэты сучасны інструмент прызначаны для вэб-старонак дыяцэзій, парафій і каталіцкіх арганізацый, забяспечваючы іх свежым мультымедыйным кантэнтам.
Леў XIV у сваім звароце да біскупаў свету назваў гэту ініцыятыву важным інструментам евангелізацыі, які стварае магчымасць для фарміравання адзінай сеткі і духоўнага “абмену дарамі” паміж Рымам і мясцовымі супольнасцямі. Пантыфік падкрэсліў, што для вернікаў гэта найлепшы спосаб атрымліваць правераную інфармацыю непасрэдна з першакрыніцы.
Віджэт прапануе бясплатны і просты доступ да навін Святога Пасада
Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні адзначыў, што шырокае распаўсюджванне віджэта дапаможа ўмацаваць сувязь вернікаў з Біскупам Рыма. Прылада дазваляе карыстальнікам смартфонаў і камп’ютараў заўсёды быць у курсе актуальных навін і дзяліцца кантэнтам у сацыяльных сетках на сваёй мове. Гэта не толькі тэхнічнае рашэнне, але і спосаб быць часткай глабальнай каталіцкай сям’і.
Новы лічбавы інструмент дапаможа ў барацьбе з фэйкавымі навінамі
Галоўны рэдактар ватыканскіх медыя Андрэа Тарніелі звярнуў увагу на тое, што доступ да арыгінальных тэкстаў і відэа дазволіць карыстальнікам адразу бачыць праўдзівую інфармацыю.
Тэхнічная рэалізацыя вельмі простая: вэб-майстру дастаткова адзін раз уставіць код на сайт, і віджэт будзе абнаўляцца аўтаматычна. На спецыяльнай старонцы можна наладзіць мову, памеры і шрыфты, каб інструмент ідэальна падыходзіў да любога дызайну.