Біскупы В'етнама наведалі Святы Пасад з візітам “аd limina”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Акрамя папскай аўдыенцыі, у праграму візіту 32 в’етнамскіх біскупаў у Рым таксама ўвайшлі перамовы ў Ватыкане, наведванні галоўных базілік Рыма, сустрэчы з в’етнамскай каталіцкай супольнасцю Італіі і пілігрымка ў Асізі з нагоды 800-годдзя смерці святога Францішка.
Касцёл, які працягвае расці
Прайшло амаль 500 гадоў з пачатку евангелізацыі в’етнамскай зямлі, а Касцёл у В’етнаме і сёння працягвае расці і суправаджаць вернікаў. Паводле апошніх статыстычных даных, у В’етнаме налічваецца больш за 7,5 мільёна католікаў. Агульная колькасць насельніцтва складае каля 102 мільёнаў чалавек. Касцёл падзелены на 27 дыяцэзій і 3 касцёльныя правінцыі: Ханой, Хюэ і Сайгон. У В’етнаме налічваецца 50 біскупаў. Асабліва вялікая колькасць вернікаў жыве ў такіх дыяцэзіях, як Сайгон, Суанлок і іншых, у той час як некаторыя рэгіёны, напрыклад Лангшон, застаюцца менш прадстаўленымі.
Дух еднасці і сінадальнасці
Падчас сустрэч у Ватыкане в’етнамскія біскупы абмяркоўвалі пытанні сінадальнасці і ролі Касцёла ў сучасным грамадстве. Генеральны сакратар Сінода біскупаў, кардынал Марыё Грэк, адзначыў іх дух адкрытасці і гатоўнасць да дыялогу, падкрэсліўшы, што біскупы імкнуцца перавесці вучэнне Касцёла ў кантэкст сваёй краіны. Па яго словах, у В’етнаме захоўваецца жывая сувязь паміж духавенствам і вернікамі. Ён выказаў в'етнамскім іерархам удзячнасць за падрыхтоўку да Сінадальнага шляху, адзначыўшы, што атрымаў вельмі цікавыя дакументы, якімі, на яго думку, можна падзяліцца з іншымі мясцовымі Касцёламі.
Багатыя пакліканні і выклікі сучаснасці
Касцёл у В’етнаме вылучаецца вялікай колькасцю пакліканняў. Там служаць больш за 8 тысяч святароў, каля 28 тысяч кансэкраваных асоб, у асноўным у галіне адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннасці, а таксама амаль 85 тысяч катэхетаў. У 2025 годзе адбылося больш за 146 тысяч хростаў і каля 52 тысяч сужэнстваў.
Тым не менш, назіраюцца першыя прыкметы зніжэння цікавасці моладзі да духоўнага жыцця. Сярод прычын – уплыў медыя і лічбавых тэхналогій, якія адцягваюць маладых людзей ад унутранай глыбіні, пакідаючы ім мала часу для таго, каб прыслухоўвацца да сябе. Неабходна зноў абудзіць у моладзі жаданне шукаць сэнс і ідэал жыцця ў цішыні і засяроджанасці, - лічаць в’етнамскія біскупы.
Сацыяльнае служэнне і адукацыя
Касцёл актыўна ўдзельнічае ў сацыяльным і дабрачынным жыцці краіны. У В'етнаме дзейнічае больш за тысячу каталіцкіх дзіцячых садкоў, сотні адукацыйных і медыцынскіх устаноў, а таксама дабрачынныя цэнтры для найбольш уразлівых. Асобная ўвага надаецца рэлігійнай адукацыі. У 2014 годзе была заснаваная Каталіцкая акадэмія В’етнама, якая рыхтуе выкладчыкаў тэалогіі і развівае тэалагічную думку ў дыялогу з мясцовай культурай.