Кардынал Рэ: сведчанне Францішка – важная спадчына для Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дэкан Калегіі кардыналаў скіраваў пасланне з нагоды першай гадавіны смерці Папы Францішка. Яно было зачытана падчас святой Імшы, якая 21 красавіка 2026 года прайшла ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
Іерарх заўважыў, што Францішак быў Наступнікам святога Пятра і пастырам Паўсюднага Касцёла ў час змены эпохі, “даючы ўсім нам адважнае сведчанне, якое з’яўляецца значнай спадчынай для Касцёла”.
Па яго словах, Францішак быў вучнем Пана і місіянерам, які абвяшчаў Евангелле міласэрнасці ўсім, натхняючы сваім сведчаннем многіх людзей ва ўсім свеце, у тым ліку дзякуючы апостальскім пілігрымкам і, асабліва, апошняму “падарожжу”, якім былі яго хвароба і смерць.
“У сугуччы са сваімі папярэднікамі ён сабраў спадчыну Другога Ватыканскага Сабора і падштурхнуў Касцёл быць адкрытым на місіянерства, быць ахоўнікам надзеі свету, руплівым у абвяшчэнні Евангелля, якое здольнае даць паўнату і шчасце кожнаму жыццю”, - падкрэсліў кардынал Рэ.
Дэкан Калегіі кардыналаў згадаў пра красамоўныя словы, якія Францішак выкарыстоўваў, каб зрабіць радасную вестку больш зразумелай: міласэрнасць, мір, братэрства, пах авечак, палявы шпіталь і многія іншыя. “Кожны з гэтых выразаў вяртае нас да Евангелля, якім ён жыў, выкарыстоўваючы новую мову, але абвяшчаючы тое самае нязменнае Евангелле”, - сцвердзіў іерарх.
Кардынал Рэ заўважыў, што Францішак шмат разоў наведваў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, у якой пахаваны, а таксама шматлікія марыйныя санктуарыі ва ўсім свеце. “Няхай Панна Марыя, Маці Касцёла, дапамагае нам ва ўсіх абставінах быць нястомнымі апосталамі Яе Боскага Сына і прарокамі Яго міласэрнай любові”, - пажадаў ён напрыканцы паслання.