Пошук

Святая Хільдэгарда з Бінгена Святая Хільдэгарда з Бінгена 

Кардынал пра Біенале: сучаснасці патрэбныя культурныя прарокі

Прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі лічыць, што сучаснаму грамадству неабходны новыя майстры, здольныя прапанаваць мудрыя адказы на выклікі празмернай паспешлівасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэзентуючы ў Ватыкане канцэпцыю павільёна Святога Пасада на сёлетнім Венецыянскім Біенале, кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса падкрэсліў асаблівую ролю "культурных прарокаў".

Паводле слоў іерарха, шматгранны профіль святой Хільдэгарды з Бінгена, якой прысвечана экспазіцыя, павінен стаць антыдотам супраць "манатоннасці аднастайнасці". Кардынал перакананы, што голас гэтай містычкі XII стагоддзя застаецца магутным і актуальным, здольным асвятліць складаныя пытанні сучаснасці.

Сапраўднае мастацтва патрабуе ўнутранай цішыні і глыбіні, ўласцівым манаскаму жыццю.

Кардынал Таленціна патлумачыў, што сувязь паміж мастацтвам і манаствам не выпадковая: кожны творца, нават далёкі ад рэлігіі, нагадвае манаха ў інтэнсіўнасці свайго ўнутранага пошуку. У часы, калі чалавечае жыццё падпарадкавана імгненнасці, зварот да постаці з мінулага дазваляе дасягнуць той глыбіні, дзе нараджаюцца новыя сэнсы.

Іерарх нагадаў, што метад Хільдэгарды заключаўся ў аднаўленні сувязей паміж людзьмі і грамадствам, дзе духоўная эвалюцыя ішла поплеч з мастацкімі і навуковымі формамі.

На думку кіраўніка Дыкастэрыі, сучасны свет патрабуе людзей, здольных пераадольваць тупікі дамінуючай мовы і выражаць тое, што святая называла "невядомай мовай". Гаворка ідзе пра сілу ўяўлення, якая стымулюе стварэнне інклюзіўных сацыяльных мадэляў і заахвочвае да братэрскай салідарнасці.

Як адзначыў іерарх, спасылаючыся на спадчыну Бэнэдыкта XVI, увесь спектр стварэння пранізаны Божай любоўю, і без гэтага ўнутранага імпульсу свет рызыкуе ператварыцца ў попел.

Культурнае прароцтва сёння палягае на здольнасці бачыць Божую любоў ва ўсім спектры стварэння.

Праект Святога Пасада, які прадставіць працы мастакоў з розных краін у садах Венецыі, закліканы стаць прасторай для такога прароцтва. Кардынал Таленціна акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта праз "вока душы" – здольнасць да духоўнага бачання і слухання – чалавек можа знайсці шлях да сапраўднага абнаўлення культуры і грамадскага жыцця.
 

28 красавіка 2026, 10:29