Арцыбіскуп Ачоа: Святы Пасад можа адказаць Брацтву экскамунікай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, арцыбіскуп Хуан Ігнасіа Ар’ета Ачоа дэ Чынчэтру ў інтэрв’ю парталу "advaticanum.com" выказаў глыбокую заклапочанасць з нагоды цяперашняй пазіцыі Брацтва святога Пія X.
Іерарх назваў сітуацыю "вельмі балючай справай", асабліва ўлічваючы шматгадовыя намаганні Святога Пасада па ўрэгуляванні статусу гэтай супольнасці. Паводле яго слоў, намер правесці біскупскія пасвячэнні без згоды Папы з’яўляецца сур’ёзнай памылкай і сведчыць аб пазіцыі тых, хто ад пачатку лічыць сябе па-за межамі Касцёла.
Арцыбіскуп Ачоа нагадаў, што Святы Пасад заўсёды праяўляла добрую волю: Папа Францішак удзяліў святарам Брацтва права спавядаць ва ўсім свеце, а дыяцэзіяльным біскупам дазволіў даваць дазвол на шлюб, каб забяспечыць кананічную сілу сакрамантаў.
Аднак спроба паставіць Апостальскую Сталіцу перад фактам новых біскупскіх пасвячэнняў можа перакрэсліць усе дасягненні. Гэта супярэчыць нават уласнай практыцы Брацтва, якое раней звярталася да Кангрэгацыі веравучэння па кананічныя паўнамоцтвы для прымянення дысцыплінарных санкцый.
У самім Брацтве таксама расце ўсведамленне непазбежнасці канфлікту. Былы генеральны настаяцель супольнасці, біскуп Бернард Феле, падчас удзялення сакраманту канфірмацыі ў штаце Канзас папярэдзіў вернікаў аб высокай рызыцы экскамунікі. "Я амаль упэўнены, што існуе велізарная верагоднасць, што ўсе мы будзем прызнаныя схізматыкамі", - заявіў іерарх, з якога Бенедыкт XVI зняў экскамуніку ў 2009 годзе.
Пасвячэнне біскупаў без мандата Папы, які валодае найвышэйшай і поўнай уладай у Касцёле, будзе азначаць канчатковы парыў касцельнай камуніі.
Канфлікт застаецца не толькі юрыдычным, але і дактрынальным. Брацтва святога Пія X працягвае падвяргаць сумненню ключавыя палажэнні навукі Другога Ватыканскага Сабора, у прыватнасці, датычныя рэлігійнай свабоды, экуменізму і калегіяльнасці біскупаў. Паводле пераканання супольнасці, гэтыя пункты супярэчаць Традыцыі, што робіць дыялог паміж Апостальскай Сталіцай і кіраўніцтвам Брацтва ўсё больш складаным.