Выступленне прадстаўніка Святога Пасада ў ААН (29.04.2026) Выступленне прадстаўніка Святога Пасада ў ААН (29.04.2026) 

Святы Пасад: ядзернае раззбраенне – наш абавязак перад нашчадкамі

Грунтаваць сістэму бяспекі не на страху, а на адказнасці, супрацоўніцтве і надзеі, заклікаў Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 красавіка 2026 года ў Нью-Ёрку адбыліся агульныя дэбаты Адзінаццатай агляднай канферэнцыі ўдзельнікаў Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Прадстаўнік Святога Пасада, ксёндз Роберт Мэрфі, падкрэсліў, што канферэнцыя праходзіць у надзвычай важны для міжнароднай супольнасці момант, калі аслабленне шматбаковага супрацоўніцтва і рост дыпламатыі, заснаванай на моцы, узмацняюць рызыкі, звязаныя з ядзернай бяспекай.

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што ў апошні час зноў з’явілася рыторыка магчымасці прымянення ядзернай зброі і ідэя яе выпрабаванняў, якія суправаджаюцца відавочнымі і ўтоенымі пагрозамі. Нядаўнія напады на ядзерныя аб’екты сведчаць пра размыванне нормаў, якія доўгі час лічыліся асновай міжнароднай бяспекі. Мадэрнізацыя ядзерных арсеналаў і ўкараненне новых тэхналогій, уключаючы штучны інтэлект, у ваенныя сістэмы выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць, - адзначыў ксёндз Мэрфі.

Раззбраенне

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што артыкул VI Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі абавязвае дзяржавы дасягнуць сумленнага і пераканальнага прагрэсу ў ядзерным раззбраенні. Укараненне новых тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту, у ядзерныя сістэмы павялічвае небяспеку памылак і зніжае празрыстасць. Таму неабходна, каб усе рашэнні заставаліся пад кантролем чалавека і грунтаваліся на адказнасці.

Дыпламат падкрэсліў важнасць мер па зніжэнні рызыкі, аднаўленні даверу паміж краінамі і рэалізацыю пагадненняў па кантролі над узбраеннямі, уключаючы Дагавор аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў і прасоўванне перамоў па Дагаворы аб забароне вытворчасці расшчапляльных матэрыялаў. Ён таксама адзначыў значэнне Дагавора аб забароне ядзернай зброі як інструмента, які ставіць у цэнтр гуманітарныя наступствы яе выкарыстання.

Архітэктура бяспекі, якая абапіраецца на пагрозу масавага знішчэння, трымае чалавецтва ў стане пастаяннай уразлівасці. Такі падыход рызыкуе нармалізаваць тое, што з'яўляецца непрымальным, і падарваць падмурак, на якім неабходна будаваць трывалы мір, - заявіў ксёндз Мэрфі.

Нераспаўсюджванне

Прадстаўнік Святога Пасада пацвердзіў ключавую ролю Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) як асновы глабальнай сістэмы бяспекі і заклікаў да поўнага і збалансаванага выканання яго палажэнняў. Важным элементам празрыстасці можа стаць узмацненне кантролю МАГАТЭ, аднак адных механізмаў кантролю недастаткова без палітычнага дыялогу і ліквідацыі карэнных прычын адсутнасці бяспекі.

Важную ролю у будаўніцтве міру і бяспекі адыгрываюць без’ядзерныя зоны. Асабліва важным з'яўляецца стварэнне такой зоны на Блізкім Усходзе, - лічыць ватыканскі дыпламат.

Меры па ўмацаванні даверу, такія як празрыстасць і гарантыі бяспекі, дапамагаюць зрабіць сістэму больш эфектыўнай. У цэлым, раззбраенне і нераспаўсюджванне застаюцца цесна ўзаемазвязанымі: прагрэс у адной сферы ўзмацняе другую, а застой шкодзіць абедзвюм, - падкрэсліў ксёндз Мэрфі.

Мірнае выкарыстанне ядзернай энергіі

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неад'емнае права дзяржаў развіваць тэхналогіі ядзернай энергіі пры ўмове выканання абавязацельстваў па нераспаўсюджванні. Гэтыя тэхналогіі могуць спрыяць развіццю медыцыны, сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, але патрабуюць найвышэйшых стандартаў бяспекі і экалагічнай адказнасці, асабліва ва ўмовах узброеных канфліктаў.

Напрыканцы прамовы дыпламат адзначыў, што сучасныя выклікі не здымаюць адказнасці з міжнароднай супольнасці і не пазбаўляюць надзеі. Калі дазволіць страху ляжаць у аснове бяспекі, ён можа стаць пастаяннай рысай міжнародных адносін. Леў XIV заклікае імкнуцца да бяззбройнага міру, які не грунтуецца на страху, а будуецца на даверы, дыялогу і прызнанні нашай агульнай чалавечнасці.

30 красавіка 2026, 13:03