Святы Пасад: справаздача аб фінансавай празрыстасці за 2025 год
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У 2025 годзе Упраўленне атрымала 78 паведамленняў пра падазроную фінансавую дзейнасць, што на адзін выпадак менш, чым годам раней. Гэты паказчык адпавядае чаканням пасля змен у сістэме, здзейсненых у папярэдні перыяд, гаворыцца ў дакуменце, які быў абнародаваны 30 красавіка 2026 года ў Ватыкане.
У параўнанні з 2024 годам назіраецца таксама меншая колькасць паведамленняў, звязаных з выкарыстаннем наяўных грошай. Прычынай гэтага можа быць змяншэнне аб’ёму грашовых патокаў, якія праходзяць праз Ватыкан, пра што сведчаць статыстычныя даныя адносна дэкларацый аб трансгранічнай перавозцы наяўных грошай.
У справаздачы адзначаецца, што Упраўленне працягвае адыгрываць ключавую ролю ў расследчай дзейнасці. У 2025 годзе структура перадала ў Бюро прамотара справядлівасці шаснаццаць матэрыялаў з аналізам фінансавай дзейнасці, што адпавядае паказчыкам папярэдніх гадоў. Адначасова былі прыняты тры рашэнні аб прыпыненні транзакцый ці аперацый на суму каля 522 тысяч еўра.
На працягу 2025 года адным з прыярытэтаў было вывучэнне пытання міжнародных пераводаў сродкаў у геаграфічныя рэгіёны, якія характарызуюцца нестабільнай фінансавай сістэмай, але маюць асаблівую патрэбу ў гуманітарнай і місіянерскай дзейнасці Касцёла. У гэтым кантэксце была праведзена мэтавая праверка Інстытута рэлігійных спраў адносна існуючых механізмаў і мер па зніжэнні рызыкаў, пры гэтым улічвалася таксама важнасць захавання неабходнай падтрымкі мясцовых супольнасцей.
У справаздачы асобна адзначаецца ўмацаванне супрацоўніцтва паміж структурамі Святога Пасада і Дзяржавы Ватыкан. Аб’ём абмену інфармацыяй паміж ведамствамі вырас у параўнанні з 2024 годам на 65 працэнтаў па ўваходных паведамленнях і на 31 працэнт па зыходных, што сведчыць пра ўсё большую інтэграванасць сістэмы.
Адзначаецца таксама цеснае і пастаяннае супрацоўніцтва з Корпусам ватыканскай жандармерыі, які па-ранейшаму застаецца ключавым партнёрам Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі.
Што датычыць міжнароднага супрацоўніцтва – у 2025 годзе адбылося 35 выпадкаў абмену інфармацыяй з замежнымі партнёрамі. Пры гэтым адзначаецца рост колькасці ўваходных паведамленняў, што пацвярджае важнасць працэсу ўмацавання сеткі міжнародных адносін. У справаздачы падкрэсліваецца, што фінансавыя рызыкі пастаянна выходзяць па-за нацыянальныя межы, таму шматбаковае вымярэнне выступае як неабходная ўмова для эфектыўных дзеянняў.
На працягу 2025 года адбыліся таксама сустрэчы з замежнымі партнёрамі з мэтай збліжэння стандартаў дзейнасці і абмену перадавымі практыкамі. Важным у гэтым кантэксце стаў круглы стол з Упраўленнем фінансавай разведкі Сан-Марына. Такое супрацоўніцтва набывае асаблівае значэнне ў сувязі з набліжэннем новага цыклу ацэнкі ватыканскай сістэмы з боку Камітэта “Moneyval” Савета Еўропы і развіццём стандартаў, устаноўленых “Egmont Group”.