Візіт Папы ў Афрыку: пілігрымка надзеі і міру
Ян Глінскі
“Святы Айцец накіруецца ў чатыры краіны, якія вельмі адрозніваюцца адна ад адной у культурным, рэлігійным і моўным плане”, - заўважыў Матэа Бруні падчас брыфінгу, які прайшоў 9 красавіка 2026 года ў Ватыкане.
Прадстаўнік Святога Пасада заўважыў, што Леў XIV будзе першым Пантыфікам, які наведае Алжыр – “старажытную зямлю і прыклад хрысціянскага сведчання”. Гэта будзе візіт не толькі па слядах святога Аўгустына, але таксама Шарля дэ Фуко і алжырскіх мучанікаў.
У Алжыры Папа сустрэнецца з мясцовай хрысціянскай супольнасцю, а таксама з “хрысціянамі з іншых афрыканскіх краін”. Як адзначыў Матэа Бруні, “гэта нагода сустрэцца на зямлі, якая ляжыць паміж пустыняй і Міжземным морам, праз якую праходзяць шматлікія афрыканцы”, а таксама каб звярнуцца “да ісламскага свету, кажучы пра суіснаванне і ўнёсак, які католікі могуць зрабіць у яго”.
У Камеруне Святы Айцец прамовіць на тэму “ролі моладзі і рэлігіі”, а таксама аб ролі “ўрадаў і жанчын у будаванні міру”. Акрамя гэтага, Пантыфік закране тэму інтэгральнага развіцця чалавека ў гэтай краіне, якая вылучаецца сваёй прыроднай разнастайнасцю і багаццем, але сутыкаецца з такімі “складанымі выклікамі”, як крызіс на паўднёвым захадзе і поўначы краіны.
Тэма міру і прыродных рэсурсаў прагучыць і ў Анголе, дзе Леў XIV выступіць з шасцю прамовамі. У цэнтры ўвагі гэтага візіту будзе “вялікае багацце Афрыкі”, а менавіта моладзь, чыя радасць “азмрочана расчараваннем” з-за ран, нанесеных у выніку эксплуатацыі і каланіялізму.
У Экватарыяльнай Гвінеі – “краіне, багатай на мінеральныя рэсурсы, а таксама на чалавечы патэнцыял, культуру і мовы”, – важнае месца будзе нададзена ролі хрысціян у “падтрыманні і будаўніцтве культуры міру”.
Улічваючы моўную разнастайнасць у згаданых краінах Афрыкі, падчас апостальскага падарожжа Леў XIV будзе звяртацца да ўдзельнікаў сустрэч на чатырох мовах: англійскай, французскай, партугальскай і іспанскай – у залежнасці ад таго, якой мовай карыстаюцца жыхары на канкрэтнай тэрыторыі.