Сінод Біскупаў: падрыхтоўка бліжэйшых сустрэч
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пасяджэнне пачалося кароткай малітвай, якую правяла сястра Наталі Бэкар, падсакратар Генеральнага сакратарыята Сінода. Затым слова ўзяў кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода. Ён зрабіў некалькі паведамленняў адносна рэалізацыі Заключнага дакумента XVI Асамблеі, працы даследчых груп, выніковых справаздач, якія цяпер знаходзяцца на этапе публікацыі, а таксама правядзення дзвюх бліжэйшых сінадальных сустрэч.
У першую чаргу гаворка ішла пра скліканне на 23-25 чэрвеня 2026 года сустрэчы для падрыхтоўкі Кантынентальных ацэначных Асамблей, якія запланаваныя на першы квартал 2028 года. На гэту сустрэчу запрошаны: прадстаўнік Патрыярхаў ад Рады Патрыярхаў Усходніх Цэркваў; старшыні міжнародных аб’яднанняў Канферэнцый Біскупаў, а таксама старшыні епіскапатаў ЗША і Канады, кожнага з якіх будзе суправаджаць Каардынатар сінадальнай групы адпаведнай арганізацыі і, па магчымасці, Генеральны сакратар. Леў XIV прыме ўдзел у спецыяльным рабочым пасяджэнні.
Затым гаворка ішла пра сустрэчу старшыняў епіскапатаў з усяго свету, якая адбудзецца з 7 па 14 кастрычніка 2026 года ў Ватыкане і будзе прысвечана тэме сям’і ў святле паслясінадальнай апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”. Нарада была абвешчана самім Святым Айцом у яго пасланні з нагоды дзесяцігоддзя “Amoris laetitia” (19 сакавіка 2026 года). З дапамогай гэтай сустрэчы Леў XIV мае намер “працягнуць, у духу ўзаемнага слухання, сінадальнае разважанне аб кроках, якія неабходна зрабіць для абвяшчэння Евангелля сем’ям сёння […] і з улікам таго, што ўжо робіцца ў мясцовых Касцёлах”. Святы Айцец даручыў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця падрыхтоўку сустрэчы, папрасіўшы Генеральны сакратарыят Сінода аказаць арганізацыйную і метадалагічную падтрымку. Для яснасці ўдакладняецца, што гаворка не ідзе пра Сінадальную Асамблею, а пра кансультацыйную сустрэчу Святога Айца са старшынямі Канферэнцый Біскупаў і Сінодаў Усходніх Цэркваў “sui iuris”.
Пасля гэтых паведамленняў айцец Джакама Коста, дарадца Генеральнага сакратарыята і спецыяльны сакратар XVI Асамблеі, прадставіў прапанову дакумента для працэсу рэалізацыі Сінода і, у прыватнасці, правядзення ацэначных Асамблей. Рада падрабязна абмеркавала дакумент і ўхваліла яго агульную структуру. Канчатковы варыянт дакумента, які дапоўніць “Шляхі для рэалізацыі Сінода”, апублікаваныя ў чэрвені 2025 года, будзе разгледжаны Звычайнай радай і апублікаваны не пазней за пачатак лета.
Напрыканцы анлайн-пасяджэння члены Звычайнай рады папрасілі кардынала Марыё Грэка выказаць падзяку біскупу Луісу Марыну дэ Сан Марціну за працу ў Генеральным сакратарыяце Сінода ў гэтыя гады, запэўніваючы яго ў малітвах у інтэнцыі яго новага служэння на пасадзе элемазінарыя і прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, да якога яго паклікаў Святы Айцец.