Украіна і Ліван: гуманітарная дапамога ад Святога Айца
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Гуманітарная дапамога была сабрана пры падтрымцы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і фонду “Banco Farmaceutico”. У першую чаргу гаворка ідзе пра лекі, антыбіётыкі і супрацьзапаленчыя прэпараты, прызначаныя для бальніц і мясцовага насельніцтва, якія будуць размяркоўвацца праз сетку ўкраінскіх валанцёраў.
“Мы сабралі ўсё, што можа быць неабходным, надаючы асаблівую ўвагу патрэбам самых уразлівых – хворых і дзяцей. Для іх былі перададзены, перш за ўсё, лекі, харчовыя наборы, сродкі гігіены, тэрмакоўдры, прадукты харчавання і вялікая колькасць вопраткі выдатнай якасці”, - расказаў журналістам “Vatican News” прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.
Некалькі дзён таму груз з гуманітарнай дапамогай ад Папы адправіўся таксама ў Ліван. Гаворка ідзе пра 15 тысяч упаковак лекаў для насельніцтва – антыбіётыкі, прэпараты для лячэння дыябету, гіпатэнзіўныя сродкі, супрацьзапаленчыя прэпараты і полівітамінныя дабаўкі – якія будуць размеркаваны праз нунцыятуру ў Бейруце.
Біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін заўважыў, што ватыканская Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, якую ён ўзначальвае з 12 сакавіка 2026 года, займаецца дабрачыннай дзейнасцю таксама на міжнародным узроўні і працуе праз папскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы і мясцовыя Касцёлы.
“Прыступаючы да гэтай новай задачы, я ўсвядоміў важнасць усіх нашых дабрачынцаў (...) і неабходнасць стварэння сеткі, каб лепш адказваць на патрэбы людзей і быць максімальна эфектыўнымі. Але таксама вельмі важнай з’яўляецца праца па павышэнні інфармаванасці – як мага шырэй распавядаць пра тое, што ўяўляе сабой жахлівая рэальнасць вайны, якія патрэбы яна спараджае і як можна канкрэтна супрацоўнічаць, каб дапамагаць тым, хто пакутуе”, - падзяліўся элемазінарый.