Астэроід "Gioacchinopecci": нябесная памяць пра Льва XIII
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ватыканская абсерваторыя паведаміла 29 красавіка 2026 года, што Міжнародны астранамічны саюз афіцыйна ўключыў у рэестр аб’ект пад нумарам 858334.
Гэта адкрыццё стала магчымым дзякуючы працы ватыканскага тэлескопа, які месціцца на гары Грэм у штаце Арызона, ЗША. Назва выбрана не выпадкова: Джаакіна Печы – гэта імя, дадзенае пры хросце будучаму Папу, які ўвайшоў у гісторыю як Леў XIII.
Навуковая спадчына Пантыфіка, які адкрыў Касцёл для прыродазнаўчых даследаванняў
Менавіта Леў XIII адыграў ключавую ролю ў інстытуцыяналізацыі касцельнай навукі. У 1891 годзе ён падпісаў “motu proprio” пад назвай "Ut mysticam", якім нанова заснаваў папскую абсерваторыю. Як адзначаюць у Ватыканскай абсерваторыі, гэтым крокам Пантыфік даручыў прадстаўнікам Касцёла ўсяляк спрыяць развіццю навук аб прыродзеі сусвеце.
Прысваенне імёнаў Пантыфікаў нябесным целам – з’ява выключная і рэдкая. Да гэтага часу адным з самых вядомых выпадкаў было найменаванне малой планеты 8661, адкрытай у 1990 годзе. У 2000 годзе яна атрымала афіцыйную назву "Ratzinger". Гэтым жэстам навуковая супольнасць ушанавала тагачаснага кардынала Ёзэфа Ратцынгера, будучага Папу Бэнэдыкта XVI, за яго значны ўклад у пераасэнсаванне Касцёлам справы Галілеа Галілея.
Маштаб сучасных адкрыццяў у люстэрку касмічнай наменклатуры
Сёння астранамічная карта свету імкліва пашыраецца. Паводле звестак Ватыканскай абсерваторыі, на гэты момант навуцы вядома каля 1,3 мільёна планетоід. Згодна з інфармацыяй Рабочай групы па наменклатуры малых нябесных цел, прыкладна 850 000 з іх ужо маюць уласныя назвы ў рэестры Міжнароднага астранамічнага саюза.
Цяпер сярод іх ззяе і імя Льва XIII, сімвалізуючы саюз веры і розуму, які прапаведаваў гэты Пантыфік. Папа Леў XIV, працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў, таксама падкрэслівае важнасць даследавання Сусвету як шляху да пазнання Створцы.