Пошук

 2024.11.13 Matrimonio

Ватыкан: новая мадэль навучання святароў да працы з сем’ямі

У Ватыкане ў аўторак, 28 красавіка 2026 года, абмяркуюць сувязь паміж сакрамэнтам сужэнства і адукацыйнай місіяй Касцёла, звяртаючы асаблівую ўвагу на падрыхтоўку святароў да працы з новымі пакаленнямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця рыхтуе адмысловы семінар у ватыканскай "Casina Pio IV", прысвечаны глыбокай сувязі паміж сакрамэнтам сужэнства, верай і настаўніцкай місіяй Касцёла. Сустрэча мае на мэце пераасэнсаваць, як менавіта Касцёл павінен выхоўваць сваіх будучых душпастыраў, каб яны маглі быць кампетэнтнымі спадарожнікамі для маладых пар і сужэнцаў.

У дыскусіях прымуць удзел каля 75 запрошаных экспертаў, сярод якіх прадстаўнікі Рымскай курыі, рэктары семінарый і выкладчыкі, якія непасрэдна адказваюць за выхаванне будучых душпастыраў і падтрымку адукацыйнай місіі Касцёла.

Галоўны даклад пра сакрамэнтальнасць сужэнства і веру прадставіць рэктар Папскага Салезіянскага ўніверсітэта ксёндз Андрэа Бацола. Яго думку працягне вядомы бібліст дон Фабіа Разіні з Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа, які засяродзіцца на "munus docendi" і фарміраванні святароў для новай душпастырскай плённасці Касцёла.

Як паведамляе Дыкастэрыя, сёння існуе вострая патрэба ў менш абстрактнай падрыхтоўцы духоўных асоб, якая была б здольная ўвайсці ў кантакт з рэальным жыццём сем’яў і адказаць на пытанні сучаснай моладзі.

Завяршэнне працы запланавана пасля серыі дыялогаў і абмену меркаваннямі. Арганізатары перакананыя: тэма сужэнства не можа быць другараднай у падрыхтоўцы будучых святароў, бо менавіта вакол сямейнага жыцця будуецца здольнасць хрысціянскай супольнасці суправаджаць новыя пакаленні на іх шляху да сталасці ў веры.
 

24 красавіка 2026, 14:06