Пошук

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ўстановах ААН у Жэневе Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ўстановах ААН у Жэневе 

Арцыбіскуп Балестрэра: не дапусціць заняпаду міжнароднага права

Толькі захаванне прынцыпаў міжнароднага права, чалавечай годнасці і агульнага дабра можа забяспечыць стабільнасць у свеце, падкрэсліў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра на канферэнцыі, арганізаванай Цэнтрам даследаванняў імя Разарыа Ліваціна.

Марыя Валодзіна – Vatican News

13 мая 2026 года ў Рыме адбылася канферэнцыя на тэму “Міжнароднае права: заход ці зацьменне?”. Яна прайшла ў Цэнтры даследаванняў, які носіць імя італьянскага суддзі Разарыа Ліваціна, беатыфікаванага ў 2021 годзе на Сіцыліі. З прамовай да яе ўдзельнікаў форума звярнуўся арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. Ён прапанаваў агляд сучаснага стану сусветнага парадку і ролі міжнароднага права.

Дыпламат адзначыў, што свет уваходзіць у перыяд глыбокіх геапалітычных зрухаў, дзе ўзаемазалежнасць дзяржаў усё часцей становіцца не фактарам стабільнасці, а крыніцай уразлівасці і інструментам ціску і шантажу. Ідзе барацьба за стварэнне новага сусветнага парадку. Створаная пасля Другой сусветнай вайны міжнародная сістэма, страчвае ўстойлівасць: узмацняецца канкурэнцыя вялікіх дзяржаў, адраджаецца логіка сфер уплыву, а прынцыпы прававога парадку, заснаванага на правілах, усё часцей адыходзяць на другі план.

Не існуе ўніверсальна прызнанай сістэмы каштоўнасцей, і заклікі да міру не кранаюць тых, чые інтарэсы ім супярэчаць. Пашыраецца тэндэнцыя ігнараваць міжнароднае права і дзейнічаць у аднабаковым парадку. Іерарх падкрэсліў, што шматбаковыя нормы і механізмы, у тым ліку сістэма ААН, сутыкаюцца з крызісам. ААН не заўсёды паспявае адаптавацца да хуткіх палітычных і тэхналагічных змен, а Савет Бяспекі не заўсёды здольны рэагаваць у сітуацыях, якія патрабуюць неадкладных рашэнняў.

Арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на тое, што парушэнні міжнароднага права, тэрытарыяльнай цэласнасці, правоў чалавека, забароны на прымяненне сілы, усё часцей адбываюцца адкрыта і без асуджэння з боку міжнароднай супольнасці. Ён таксама адзначыў, што глабальныя выклікі, такія як змена клімату і пандэміі, патрабуюць узмоцненага супрацоўніцтва, аднак у рэчаіснасці назіраецца рост аднабаковых дзеянняў і фрагментацыя міжнароднай сістэмы.

Паводле іерарха, “права моцы” усё часцей падмяняе сабой логіку закона. Ён падкрэсліў, што асновай міжнароднага права павінна заставацца прызнанне годнасці чалавака, і менавіта гэтая маральная аснова дазваляе падтрымліваць баланс паміж інтарэсамі дзяржаў і агульным дабром.

Прадстаўнік Святога Пасада паразважаў таксама пра неабходнасць вяртання да сапраўднай шматбаковасці, заснаванай не на кан’юнктурных інтарэсах, а на агульных правілах і ўзаемным прызнанні абавязковасці выканання норм. Ён заклікаў міжнародную супольнасць захоўваць і ўмацоўваць прынцыпы, закладзеныя ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948 года.

У завяршэнне дыпламат адзначыў, што без маральнай асновы і павагі да чалавечай годнасці міжнародная сістэма рызыкуе ператварыцца ў “джунглі”. Ён заклікаў да ўзмацнення адукацыі і фарміравання свядомасці людзей, у чым важную ролю адыгрывае Касцёл, які выхоўвае, матывуе, яднае людзей і дапамагае будаваць міжнародную супольнасць на трывалым падмурку.

15 мая 2026, 14:08