Пошук

Арцыбіскуп Галахер падчас Імшы ў Каба-Вердэ з нагоды 50-годдзя дыпадносін са Святым Пасадам Арцыбіскуп Галахер падчас Імшы ў Каба-Вердэ з нагоды 50-годдзя дыпадносін са Святым Пасадам 

Арцыбіскуп Галахер: сапраўдны мір нараджаецца з братэрства

У свеце, які сёння мае адчайную патрабу ў міры, чалавецтва павінна памятаць, што ўсе людзі – браты паміж сабой, а сапраўдную бяспеку можна знайсці толькі ў Богу - падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас святой Імшы, якую ён узначаліў у сталіцы Каба-Вердэ.

Vatican News

Візіт Сакратара па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў афрыканскую дзяржаву прымеркаваны да 50-годдзя дыпламатычных адносін са Святым Пасадам. Ён працягнецца да 14 мая 2026 года.

Падчас Імшы, якую ён цэлебраваў 10 мая ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Божай Ласкі ў Праі, арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што бяспека не можа грунтавацца на ўзбраенні. “Памылковай з’яўляецца думка аб тым, што чым больш мы ўзброеныя, тым нам бяспечней. Па-сапраўднаму бяспечнымі мы можам быць толькі ў моцы Божай”, - адзначыў ён.

Абарона чалавечай годнасці

Падсумоўваючы гісторыю супрацоўніцтва паміж Каба-Вердэ і Святым Пасадам, арцыбіскуп Галахер нагадаў пра двухбаковае пагадненне, падпісанае ў 2013 годзе, якое стала вынікам доўгага партнёрства паміж дзяржавай і мясцовым Касцёлам, асабліва прыкметнае ў сферах адукацыі і сацыяльнай дапамогі.

Вернікі падчас святой Імшы
Вернікі падчас святой Імшы

Іерарх таксама пацвердзіў права і абавязак Касцёла выказваць маральную пазіцыю тады, калі на карту пастаўленыя асноўныя правы і годнасць чалавека. Дыпламат нагадаў, што Касцёл стагоддзямі ўносіць значны ўклад у развіццё краіны, а дыяцэзія Сант'яга-дэ-Каба-Вердэ неўзабаве адзначыць сваё 500-годдзе.

Асобную ўвагу арцыбіскуп Галахер звярнуў на шматлікія дабрачынныя ініцыятывы Касцёла, скіраваныя на клопат пра найбольш уразлівых. На яго думку, яны сведчаць пра працяг місіі Хрыста і абвяшчаюць “добрую навіну пра годнасць кожнага чалавека, асабліва бедных”.

Узаемная павага і супрацоўніцтва

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што адносіны паміж Каба-Вердэ і Святым Пасадам заснаваныя на ўзаемнай павазе і эфектыўным супрацоўніцтве. Іх канчатковай мэтай з’яўляецца “служэнне чалавеку, каб кожны мог у поўнай меры карыстацца сваімі правамі і належным чынам выконваць свае абавязкі”.

Разважаючы над евангельскім урыўкам паводле Святога Яна пра Апошнюю Вячэру, арцыбіскуп Галахер нагадаў, што любоў спараджае любоў, а выкананне запаведзяў з'яўляецца адказам на Божую любоў, якая льецца на нас нягледзячы на нашы слабасці, недахопы і грахі. Божая любоў аб’ядноўвае людзей у сувязі вернасці, сяброўства і еднасці, падкрэсліў іерарх. Спасылаючыся на святога Джона Генры Ньюмана, ён падкрэсліў, што Бог ёсць любоў, а чалавек створаны на Яго вобраз і падабенства, таму любоў – неад’емная частка чалавечай прыроды.

Пакліканыя жыць у любові

Касцёл адказвае на такую любоў сваёй місіяй, перш за ўсё абвяшчэннем праўды Евангелля, а таксама канкрэтнымі справамі ў сферах адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага служэння. Гэтая дзейнасць не скіраваная на атрыманне часовай выгады, а на карысць усяго чалавецтва, зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Святая Імша з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам
Святая Імша з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што Касцёл вучыць прынцыпу ўсеагульнага прызначэння матэрыяльных дабротаў і сцвярджае права кожнага чалавека на доступ да дабротаў, неабходных для яго развіцця. Ён падкрэсліў, што гэта не прывілей, а натуральнае права, заснаванае на чалавечай годнасці, папярэдняе любой прававой сістэме.

Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Галахер адзначыў, што калі ў стварэнні і ўцелаўленні Бог адкрыў нам Сваю любоў, то ў смерці і Уваскрасенні Хрыста Ён даў яе "вышэйшы доказ". Адказам чалавека на яе павінны стаць любоў і паслухмянасць Богу. Ён таксама нагадаў, што Хрыстус ніколі не абяцаў нам жыцця без выпрабаванняў, але паабяцаў не пакідаць чалавека самотным, паабяцаў дар міру, які не проста адсутнасць канфліктаў або праблем, а паўната жыцця і дабра.

12 мая 2026, 10:45