Кардынал Фарэл пра пяць задач кіраўнікоў касцельных рухаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па свецкіх, сям’і і жыцці выступіў падчас штогадовай сустрэчы мадэратараў касцельных рухаў і асацыяцый, якая прайшла 21 мая 2026 года ў Ватыкане.
“Для некаторых з вас кіраўнічая місія прадугледжвае вельмі шырокую адказнасць і рашэнні, якія моцна ўплываюць на жыццё вашых груп, для іншых жа кіроўчыя задачы значна больш абмежаваныя. Але для ўсіх застаецца актуальным заклік – служыць асацыяцыі”, - падкрэсліў прэфект, нагадаўшы, што “ўлада, якую павінны ажыццяўляць мадэратар і члены цэнтральнага кіроўчага органа”, з’яўляецца ўладай “дэлегаванай”, якую “асацыяцыя давярае некаторым сваім членам; яна не паходзіць “зверху” і не мае сакрамэнтальнага, боскага паходжання”.
Іерарх заўважыў, што задачы мадэратараў можна звесці да пяці пунктаў: кіраўніцтва і прадстаўніцтва; дасягненне мэт асацыяцыі; развіццё асацыяцыі; вернае захаванне харызмы; духоўнае і чалавечае дабро членаў.
“Той, хто кіруе, павінен гарантаваць, каб асацыяцыя або рух заставаліся скіраванымі на тыя канкрэтныя апостальскія мэты, дзеля якіх яны былі створаныя. Кіраўнік не можа ўводзіць настолькі радыкальны “паварот”, які прывёў бы да поўнага скажэння першапачатковых мэт”, - падкрэсліў кардынал Фарэл.
Гаворачы пра задачу развіцця асацыяцыі, ватыканскі прэфект заўважыў, што Касцёл ніколі не можа арыентавацца толькі на захаванне існуючага, бо па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным. Ён нагадаў словы Льва XIV, сказаныя ім яшчэ падчас служэння на пасадзе генеральнага настаяцеля Ордэна святога Аўгустына: “Стыль кіраўніцтва ў свядомасці тых, хто аддае перавагу захаванню, з’яўляецца перш за ўсё менеджарскім, добра арганізаваным і эфектыўным: у гэтым выпадку кіраўнікі імкнуцца трымаць усё ў парадку і забяспечыць бесперабойную працу. Але супольнасць, якая мае прарочае бачанне і адданая місіі, выбірае іншы тып кіраўніцтва: стыль кіраўніка будзе перадусім пераўтваральным, здольным прапанаваць бачанне таго, што можа быць, з гатоўнасцю ісці далёка і рызыкаваць, каб гэта бачанне стала рэальнасцю”. Гэты дух павінен натхняць і кожную асацыяцыю або рух, - сцвердзіў кардынал Фарэл.
Разважаючы над задачай “захавання харызмы”, прэфект адзначыў, што кіраўнік касцельнага руху ці асацыяцыі павінен асабіста жыць ёй і засвойваць яе так, каб яна фармавала яго духоўнае жыццё.
Нарэшце, кажучы пра абавязак спрыяння духоўнаму і чалавечаму дабру членаў, кардынал Фарэл нагадаў, што “задача кіравання азначае проста заўсёды ставіць у цэнтр асобу”. “Усе гэтыя абавязкі могуць палохаць. Але не варта падаць духам. Ёсць блізкасць супрацоўнікаў, падтрымка Касцёла і пастыраў, а таксама дапамога Святога Духа, якога трэба асабліва прасіць аб дары разважлівасці, парады і мудрасці, якія абавязкова будуць дадзеныя”, - запэўніў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы іерарх.