Арцыбіскуп Пальвані: "Magnifica humanitas" – арыенцір для будучы
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
У размове з “Vatican News” сакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі звярнуў увагу на першыя два раздзелы новай энцыклікі Льва XIV "Magnifica humanitas". У гэтай частцы дакумента Папа тлумачыць сутнасць каталіцкага сацыяльнага вучэння, прадстаўляючы не толькі яго тэалагічныя асновы, але і галоўныя восі, якія служаць фундаментам для грамадскага ладу.
"Гэтыя прынцыпы – агульнае дабро, усеагульнае прызначэнне дабротаў, субсідыярнасць, салідарнасць і сацыяльная справядлівасць – складаюць трывалую базу, якую энцыкліка актуалізуе", - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што Касцёл звяртаецца да багацця сваёй традыцыі, каб прапанаваць інавацыйныя адказы на новыя выклікі, падобна таму, як гэта адбывалася падчас першага крызісу прамысловай рэвалюцыі.
Ад класічных прынцыпаў да лічбавай сучаснасці
Асобнае месца ў інтэрв'ю заняла тэма выхавання маладога пакалення ў кантэксце развіцця штучнага інтэлекту. Арцыбіскуп Пальвані нагадаў, што ў чацвёртым раздзеле энцыклікі Святы Айцец вылучае тры важныя сферы: працу, свабоду і праўду. Менавіта пошук праўды становіцца прыярытэтам для моладзі, якая часта карыстаецца лічбавымі інструментамі несвядома.
"Гаворка ідзе пра развіццё ў маладых пакаленняў крытычнага духу – не ў сэнсе адмаўлення, а ў сэнсе пазітыўнага і свядомага карыстання гэтым інструментам", - патлумачыў супрацоўнік Святога Пасада. На яго думку, новыя тэхналогіі патрабуюць ад чалавека асаблівай удумлівасці, каб не страціць здольнасць адрозніваць сапраўднае ад штучнага.
Этычны выклік і бяспека чалавецтва
Гаворачы пра ўклад Касцёла ў дыскусію вакол штучнага інтэлекту, сакратар Дыкастэрыі спаслаўся на трэці раздзел дакумента, дзе Папа аналізуе рызыкі, звязаныя з тэхналагічным прагрэсам. Ключавым паняццем тут выступае "культурнае раззбраенне". Калі штучны інтэлект з'яўляецца формай улады, ён павінен служыць выключна дабру чалавека і быць пазбаўлены небяспечных мэт.
Арцыбіскуп Пальвані падсумаваў, што "Magnifica humanitas" стала адказам Касцёла на працэсы, якія заўважылі яшчэ Бэнэдыкт XVI і Францішак. Паводле яго слоў, Леў XIV стаў першым Пантыфікам, які пачаў сваё служэнне з сацыяльнай энцыклікі, што робіць гэты дакумент сапраўдным "дарожным указальнікам на бліжэйшыя гады".