Пошук

Кардынал П'етра Паралін і прэм'ер-міністр Гаіці Алікс Дзід’е Фіс-Эмэ Кардынал П'етра Паралін і прэм'ер-міністр Гаіці Алікс Дзід’е Фіс-Эмэ  (@VATICAN MEDIA )

Будучыня належыць людзям міру: кардынал Паралін маліўся за Гаіці

Кардынал П’етра Паралін узначаліў святую Імшу за мір на Гаіці. Яна прайшла 9 мая 2026 года ў рымскай Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. У літургіі браў удзел прэм’ер-міністр Гаіці Алікс Дзід’е Фіс-Эмэ, якога раней прыняў на аўдыенцыі Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На працягу апошніх пяці гадоў Гаіці перажывае беспрэцэдэнтны крызіс, выкліканы слабасцю дзяржаўных уладаў і дзейнасцю ўзброеных банд, якія нападаюць на мірных жыхароў, паліцыю, бальніцы, гуманітарныя канвоі і трымаюць пад кантролем цэлыя рэгіёны. Паводле даных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, толькі ў 2025 годзе больш за 5,5 тысяч чалавек былі забітыя, а больш за 2,6 тысяч – параненыя. Каля 1,4 мільёна чалавек з’яўляюцца ўнутранымі бежанцамі.

Кардынал-дзяржсакратар нагадаў, што мір – гэта першы дар уваскрослага Хрыста, а таксама “знак Яго прысутнасці”. “Там, дзе ёсць Хрыстус, там валадарыць супакой”, - сказаў ён.

“Назіраючы за актуальнай міжнароднай сітуацыяй, мы ўсе можам убачыць, наколькі наш свет патрабуе прысутнасці Бога і, як вынік, дару міру”, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Паралін запэўніў у тым, што “Бог чуе вокліч ахвяр несправядлівасці і галечы, якія з усіх куткоў свету ўзносяць да Яго свае малітвы”. Таксама не застаюцца нявыслуханымі і памкненні жыхароў Гаіці, якія прагнуць супольнага і братэрскага жыцця ў свабодзе ад гвалту, падкрэсліў ён.

Дзяржсакратар нагадаў пра вострую патрэбу ў намаганнях міжнароднай супольнасці на карысць агульнага дабра, бо “мы ўсе – браты, адказныя адзін за аднаго”. Ён пажадаў, каб палітыкі і ўсе грамадзяне Гаіці спрыялі ўсталяванню гармоніі і справядлівасці, павазе да законаў і правоў чалавека, працуючы на карысць краіны праз аднаўленне дзейнасці дзяржаўных устаноў і выкарыстанне ўсіх іншых сродкаў, якія гарантуюць грамадзянам годнае жыццё.

Кардынал Паралін адзначыў, што Бог прагне міру для кожнага народа, а яго можна дасягнуць толькі праз прабачэнне. “Сапраўдная барацьба за вызваленне будзе канчаткова выйграна толькі тады, калі будзе здабыты мір у сэрцы”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што “будучыня належыць людзям міру”.

Напрыканцы гаміліі іерарх даручыў апецы Багародзіцы ўсіх жыхароў Гаіці, якія прысвячаюць свае сілы служэнню найслабейшым там, дзе гвалт паказвае сваё найгоршае аблічча. Кардынал згадаў пра біскупаў, святароў, манахаў і манахінь, якія працягваюць душпастырскую місію ў краіне, а таксама пра “ўсіх людзей добрай волі, якія, займаючы розныя пасады, зразумелі, што ісці за Уваскрослым – значыць нястомна дзейнічаць на карысць міру, часта забываючы пра саміх сябе”.
 

10 мая 2026, 11:00