Харчовая бяспека ў Еўропе: пазіцыя Святога Пасада
Аляксандр Панчанка - Vatican News
12 мая 2026 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па харчаванні і сельскай гаспадарцы (ФАО), Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця (МФСР) і Сусветнай праграме па харчаванні (СПП) выступіў на 35-й сесіі Рэгіянальнай канферэнцыі ФАО для Еўропы.
Ватыканскі дыпламат заклікаў да ўзмацнення міжнароднага супрацоўніцтва і глыбокай трансфармацыі аграпрадуктовых сістэм, каб гарантаваць харчовую бяспеку для ўсіх людзей.
У сваім выступе прадстаўнік Святога Прастола адзначыў, што ў апошнія гады сусветныя харчовыя сістэмы сутыкнуліся з “паслядоўнасцю вострых крызісаў”, выкліканых войнамі, эканамічнымі рэцэсіямі, экстрэмальнымі кліматычнымі з’явамі і нестабільнасцю рынкаў.
Мансеньёр Арэлана падкрэсліў неабходнасць узмацнення каардынацыі палітыкі і сумеснай працы дзяржаў, адзначыўшы, што толькі праз “шчырае і пастаяннае супрацоўніцтва можна пабудаваць справядлівую і даступную для ўсіх харчовую бяспеку”.
Асаблівую ўвагу мансеньёр Кіка Арэлана звярнуў на права чалавека на харчаванне, якое павінна выяўляцца ў магчымасці “рэгулярнага, пастаяннага і свабоднага доступу да дастатковай, бяспечнай, пажыўнай і культурна адпаведнай ежы”.
Дыпламат Святога Пасада таксама заклікаў еўрапейскія краіны, дзе гэта права яшчэ не замацавана, уключыць яго ў нацыянальныя прававыя сістэмы, каб спрыяць развіццю мадэляў, заснаваных на сацыяльнай справядлівасці, экалагічнай устойлівасці і павазе да чалавечай годнасці.
Асобна мансеньёр Арэлана падкрэсліў неабходнасць пераходу ад інтэнсіфікацыі вытворчасці да глыбокай трансфармацыі аграрнай мадэлі. Паводле яго слоў, гаворка ідзе не пра тое, ка “вырабляць больш тымі ж метадамі”, а пра змяненне падыходу да выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўзмацненне інвестыцый у сельскія тэрыторыі. У гэтым кантэксце ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць падтрымкі моладзі, каб яна заставалася ў сельскай гаспадарцы і не пакідала вёску.
У завяршэнне выступу ватыканскі дыпламат заклікаў да прыняцця “мужных мер” для барацьбы з няроўнасцю ў аграрным сектары і паляпшэння ўмоў працы тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку свету, падкрэсліўшы, што кожны павінен мець магчымасць зарабляць дастаткова, каб забяспечыць сябе штодзённы хлеб.