Пошук

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме 

“Месяц з Марыяй” у галоўнай багародзічнай базіліцы Рыма

На працягу мая духоўным эпіцэнтрам ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рыме будзе Папская Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ, дзе пройдуць адмысловыя малітвы, набажэнствы і цэлебрацыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Духоўная ініцыятыва “Месяц з Марыяй” распачнецца ўвечары 1 мая 2026 года ружанцовай малітвай, якую ўзначаліць калумбійскі біскуп Луіс Мануэль Эрэра, вікарый архіпрэзбітэра базілікі.

Штодзённы Ружанец

На працягу месяца, прысвечанага асабліваму ўшанаванню Багародзіцы, Ружанец у Санта-Марыя-Маджорэ будзе праводзіцца штодзённа: з панядзелка па суботу ў 11.30 у Капліцы Укрыжавання, а таксама ў 17.00 у Паўлінскай капліцы. У нядзелю малітва будзе распачынацца ў 16.15. Па яе заканчэнні будуць спявацца Нешпары. Кожны раз за правядзенне Ружанца адказнымі будуць розныя групы – парафіі, манаскія супольнасці, навучальныя ўстановы.

Тры ключавыя падзеі

Марыйны месяц у базіліцы будзе пазначаны трыма ключавымі падзеямі. Увечары 19 мая адбудзецца чарговая “Lectio Mariae”. Сустрэча пад назвай “Спеў Марыі” будзе арганізавана ў супрацоўніцтве з ініцыятывай “Падворак язычнікаў”, якая запрашае да абмеркавання рэлігійных тэм вядомых прадстаўнікоў свету навукі і культуры.

Раніцай 25 мая ў крыпце базілікі адбудзецца спецыяльная эўхарыстычная цэлебрацыя каля галоўнай рэліквіі храма – Святой калыскі, у якую, паводле падання, Марыя паклала нованароджанага Езуса.

30 мая Багародзіца будзе ўшаноўвацца згодна з усходняй хрысціянскай традыцыяй. У гонар Маці Божай будзе спявацца старажытны Акафіст.

Кветкавая кампазіцыя

На працягу ўсяго месяца на лесвіцы перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ будзе размешчаная кветкавая кампазіцыя з марыйнай манаграмай. Яна будзе заставацца на гэтым месцы да ўрачыстасці Божага Цела, якая пройдзе 6 чэрвеня.

Чын прысвячэння Багародзіцы

Кульмінацыйны момант “Месяца з Марыяй” наступіць увечары 31 мая, калі пасля ружанцовай малітвы кардынал Бальдасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, узначаліць урачысты чын прысвячэння Найсвяцейшай Панне Марыі.
 

01 мая 2026, 10:32