Пошук

Канферэнцыя “Штучны інтэлект і будучыня чалавечай годнасці" у Латэранскім палацы ў Рыме Канферэнцыя “Штучны інтэлект і будучыня чалавечай годнасці" у Латэранскім палацы ў Рыме 

Папская акадэмія жыцця: ШІ не можа вызначаць, што чалавечна

Штучны інтэлект можа быць каштоўным памочнікам, але ён не можа самастойна вырашаць, што справядліва, гуманна і заслугоўвае абароны. Гэтая адказнасць застаецца нашай, - лічыць старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

25 мая 2026 года ў Латэранскім палацы ў Рыме адбыўся форум на тэму “Штучны інтэлект і будучыня чалавечай годнасці. Мост праз дэмаграфічныя і працоўныя трансфармацыі”, арганізаваны Папскай акадэміяй жыцця сумесна з кампаніяй “Deloitte Central Mediterranean” пад патранатам Папскага Латэранскага ўніверсітэта. З прамовамі на канферэнцыі выступілі старшыня Акадэміі, ксёндз Рэнца Пегарара, генеральны дырэктар “Deloitte Central Mediterranean” Фабіа Пампеі і генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун'юй

Старшыня Папскай акадэміяй жыцця адзначыў, што Леў XIV з самага пачатку свайго пантыфікату нагадвае пра тое, што тэхналогіі ніколі не бываюць нейтральнымі, калі глыбока ўплываюць на працу, клопат, сацыяльныя адносіны і калектыўныя рашэнні.

Энцыкліка “Magnifica humanitas” нагадвае аб тым, што ключавое пытанне сёння не толькі ў тым, што можа здзейсніць штучны інтэлект, але і тое, ці застанецца яго развіццё арыентаваным на годнасць чалавека і агульнае дабро. У кантэксце абмеркаванняў кіравання, капіталу, дэмаграфічнай трансфармацыі, працы і навыкаў неабходна спытаць, хто кіруе гэтымі працэсамі, паводле якіх крытэрыяў і якія наступствы яны маюць для найбольш уразлівых груп насельніцтва, - заўважыў ксёндз Пегарара.

Ксёндз Рэнца Пегарара падчас канферэнцыі
Ксёндз Рэнца Пегарара падчас канферэнцыі

Ён падкрэсліў, што Папская акадэмія жыцця адчувае адказнасць за тое, каб “памятаць, што інавацыі з’яўляюцца па-сапраўднаму чалавечымі толькі тады, калі яны не зводзяць асобу да функцыі, даных або прадукцыйнасці, а захоўваюць яго годнасць, свабоду і пакліканне да адносін”.

У гэтым сэнсе "Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту", апублікаваны Папскай акадэміяй жыцця ў 2020 годзе, сёння набывае асаблівую актуальнасць. Штучны інтэлект можа стаць каштоўным інструментам дапамогі, але ён не можа самастойна вызначаць, што справядліва, чалавечна і варта абароны. Гэтая адказнасць застаецца выключна за чалавекам, - сказаў старшыня акадэміі.

26 мая 2026, 12:44