Леў XIV асабіста паўдзельнічае ў прэзентацыі сваёй энцыклікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У ватыканскай Сінадальнай зале адбудзецца падзея, якая выходзіць за межы звыклага пратакола. Леў XIV вырашыў асабіста звярнуцца да прысутных падчас прэзентацыі свайго першага маштабнага дакумента “Magnifica humanitas”, прысвечанага ахове чалавека ў эпоху штучнага інтэлекту.
Такая непасрэдная прысутнасць Пантыфіка з’яўляецца вялікай рэдкасцю, паколькі звычайна дакументы Касцёла прэзентуюць кардыналы і эксперты без удзелу Святога Айца.
Тэкст энцыклікі быў падпісаны дзесяць дзён таму, 15 мая 2026 года. Гэтая дата абраная не выпадкова: яна адсылае да 135-й гадавіны “Rerum novarum” Льва XIII – фундаментальнага дакумента, які паклаў пачатак сістэматычнаму сацыяльнаму вучэнню Касцёла ў часы індустрыяльнай рэвалюцыі.
Адным з галоўных удзельнікаў сустрэчы стане канадскі даследчык Крыстафер Олах, сузаснавальнік амерыканскай кампаніі “Anthropic” і адзін з вядучых экспертаў у галіне інтэрпрэтавальнасці нейронавых сетак. Яго запрашэнне ў Ватыкан падкрэслівае жаданне Апостальскай Сталіцы весці прафесійны дыялог з тымі, хто стварае архітэктуру сучасных моўных мадэляў, такіх як “Claude”.
Удзел Олаха ў прэзентацыі побач з Папам набывае асаблівую вагу на фоне прынцыповай пазіцыі “Anthropic” у пытаннях бяспекі. Кампанія адмовілася аслабіць ахоўныя бар’еры сваіх алгарытмаў па патрабаванні ўлад, што прывяло да сур’ёзнага канфлікту з амерыканскай адміністрацыяй. Распрацоўшчыкі настаялі на забароне выкарыстання іх тэхналогій для масавага сачэння або ў аўтаномных ваенных мэтах, што сугучна з перасцярогамі, выказанымі ў новай энцыкліцы.
Побач з Пантыфікам таксама выступяць кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Мануэль Фернандэс і кіраўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Майкл Чэрны. Да абмеркавання далучацца тэолагі Ганна Роўлендс і Леакадзі Лушомба, якія аналізуюць уплыў тэхналогій на сацыяльную этыку.
Разам з публікацыяй “Magnifica humanitas” стала вядома пра рашэнне Льва XIV заснаваць новую структуру – Міждыкастэрыяльную камісію па штучным інтэлекце. Гэты орган будзе каардынаваць намаганні розных ведамстваў Святога Пасада, каб гарантаваць, што тэхналагічны прагрэс не пахісне фундаментальныя правы і свабоды асобы.