Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Сінод Біскупаў акрэсліў этапы сінадальнага працэсу да 2028 года

Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў апублікаваў дакумент “Да Асамблей 2027-2028 гадоў: этапы, крытэрыі і інструменты падрыхтоўкі”, які вызначае шлях рэалізацыі рашэнняў Сінода па сінадальнасці і падрыхтоўкі да Касцёльнай асамблеі 2028 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дакумент прадугледжвае чатыры паслядоўныя этапы: пераасэнсаванне досведу, тлумачэнне, накіраванне і святкаванне.

Чатыры этапы сінадальнага працэсу

На першым этапе – у першым паўгоддзі 2027 года – у дыяцэзіях пройдуць асамблеі, на якіх мясцовыя Касцёлы прааналізуюць і ацэняць вопыт рэалізацыі Выніковага дакумента Сінода Біскупаў 2021–2024 гадоў і падрыхтуюць справаздачу і ліст да іншых Касцёлаў.

На другім этапе – у другой палове 2027 года – Канферэнцыі Біскупаў правядуць нацыянальныя або рэгіянальныя асамблеі, якія складуць тэалагічна-пастырскую справаздачу і ліст да іншых мясцовых Касцёлаў.

На трэцім этапе – у першыя чатыры месяцы 2028 года – пройдуць кантынентальныя асамблеі, вынікам якіх стануць справаздачы, якія вызначаць перспектывы, прыярытэты і накірункі.

Нарэшце, завяршэннем працэсу стане чацвёрты этап – усеагульная Касцёльная асамблея, якая пройдзе ў кастрычніку 2028 года ў Ватыкане з удзелам Папы. Пры распрацоўцы яе Рабочага дакумента (Instrumentum laboris) будуць выкарыстаныя справаздачы кантынентальных асамблей.

Агульнае пытанне

У цэнтры гэтага працэсу стаіць адно агульнае пытанне: “Якая канкрэтная форма місійнага сінадальнага Касцёла і якія новыя шляхі сінадальнасці ўзніклі ў вашай супольнасці пасля Сінода Біскупаў 2021-2024 гадоў, каб стаць дарам для іншых Касцёлаў і Святога Айца?”

Абмен дарамі паміж Касцёламі

У дакуменце падкрэсліваецца, што гаворка не ідзе пра паўтор кансультацый Сінода Біскупаў або наданне дадатковых задач мясцовым касцёльным супольнасцям. Мэта працэсу – пераасэнсаваць перажыты досвед, распазнаць яго плёны і цяжкасці, падзяліцца ім з іншымі Касцёламі ў духу “абмену дарамі”.

Дыяцэзіяльныя справаздачы павінны быць перададзеныя ў Генеральны сакратарыят Сінода да 30 чэрвеня 2027 года, матэрыялы біскупскіх Канферэнцый – да 31 снежня 2027 года, а дакументы кантынентальнага этапу – да 30 красавіка 2028 года.

Каментарый кардынала Грэка

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Марыё Грэк адзначае, што прапанаваны шлях не з’яўляецца дадатковым заданнем для мясцовых Касцёлаў, але часам супольнага распазнавання і падзякі за тое, што Святы Дух узрошчвае ў Касцёле, і прызнаннем крокаў, якія ён пакліканы распачаць. Па яго словах, асамблеі не павінны стаць ні сацыялагічным апытаннем, ні тэхнічнай ацэнкай, а хутчэй духоўным і касцёльным досведам распазнавання, каб сінадальнасць усё больш станавілася звычайным стылем касцёльнага жыцця на службе місіі.

Склад асамблей, адказнасць і метадалогія

У дакуменце асобна адзначаецца неабходнасць шырокага прадстаўніцтва на асамблеях. Да ўдзелу заклікаюцца святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі касцёльных рухаў і супольнасцяў, а таксама вернікі, не звязаныя з касцёльнымі арганізацыямі. Асаблівую ўвагу прапануецца надаць удзелу пробашчаў. Падкрэсліваецца неабходнасць удзелу моладзі, жанчын, маргіналізаваных і бедных. Пры неабходнасці могуць быць запрошаныя прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій або іншых рэлігій. Для забеспячэння бесперапыннасці працэсу важна, каб яго ўдзельнікі былі гатовыя працягваць працу і пасля 2028 года.

Адказнасць за правядзенне мясцовых асамблей ускладаецца на дыяцэзіяльных біскупаў, за нацыянальны або рэгіянальны этап – на старшыняў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў, а за кантынентальны – на кіраўніцтва адпаведных кантынентальных арганізацый. Арганізацыяй і каардынацыяй дзейнасці займаюцца сінадальныя групы, якія дзейнічаюць на кожным узроўні.

Метадалогіяй гэтага этапу сінадальнага працэсу застаецца “размова ў Духу”, якая ўжо шырока распаўсюдзілася і выкарыстоўвалася як асноўная метадалогія на папярэдніх этапах.

Дадатковыя інструменты

Дадатковыя матэрыялы для суправаджэння гэтага этапу сінадальнага шляху будуць публікавацца на сайце Сінода Біскупаў: www.synod.va. Генеральны сакратарыят плануе таксама правесці анлайн-курсы для падрыхтоўкі адказных за сінадальнасць у мясцовых Касцёлах.

20 мая 2026, 13:48